Падзяліцца дабрынёй. Да рэспубліканскіх дабрачынных акцый па падрыхтоўцы дзяцей да школы жыхары Ляхавіччыны падключыліся актыўна і нераўнадушна

Што цяжка зрабіць аднаму, спраўна атрымліваецца талакой. Гэта датычыць і падрыхтоўкі дзяцей да школы. Многія нашы землякі лічаць справай гонару паўдзельнічаць у дабрачынных акцыях. Раённыя арганізацыі БСЖ і БРСМ на мінулым тыдні выкарысталі магчымасць далучыць да акцый «Збяром дзяцей у школу» і «У школу з добрым сэрцам» удзельнікаў пасяджэння райвыканкама.

Скрыня хутка напаўнялася падарункамі, іх станавілася больш і больш. Асартымент канцтавараў забяспечыў магазін Ляхавіцкага райпо «ПраЗапас». Усе сабраныя падчас акцыі рэчы старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак і першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава перадалі сямі мнагадзетным малазабяспечаным сем’ям. Плюс тэматычны камплект адправіўся ў ЦКРНіР.


У Дзень ведаў у цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэа-білітацыі завіталі добрыя сябры і жаданыя госці – супрацоўнікі РАУС і РАСК. Прадстаўнікі гэтых службаў традыцыйна напярэдадні святаў прыходзяць да сваіх падапечных з ЦКРНіР з падарункамі. На гэты раз важная нагода – 1 верасня. Калектыў райаддзела Следчага камітэта для вучэбных патрэб перадаў цэнтру развіваючыя гульні і канцтавары, а міліцыя – дыван у гульнявы куток. А рабяты разам з педагогамі падрыхтавалі цікавую святочную праграму. Атрымалася цёплая сустрэча ў коле добрых сяброў.
Начальнік РАСК Аляксандр Траяноўскі і намеснік начальніка РАУС Мікалай Смаршчок падкрэсліваюць, што вельмі прыемна бачыць, калі рабяты ўсміхаюцца, радуюцца абноўкам і шчыра дзякуюць за падарункі.
Дарэчы, сярод добрых сяброў цэнтра і кафэ «Калі ласка». Дзякуючы дапамозе яго гаспадыні Наталлі Лойка, набыты ў кабінет для масажу ўмывальнік.
А прадпрыемства «Фермент» паўдзельнічала ў пакупцы тэлевізара для выхаванцаў ЦКРНіР.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.