Пратэрміноўцы на паліцах – не месца. Па ініцыятыве пракуратуры Ляхавіцкага раёна праведзены маніторынг гандлёвых аб’ектаў сельскай мясцовасці. Што выяўлена?

Па ініцыятыве пракуратуры Ляхавіцкага раёна пры ўдзеле райЦГіЭ
на мінулым тыдні праведзены маніторынг гандлёвых аб’ектаў сельскай мясцовасці з мэтай захавання бяспекі спажыўца пры выкарыстанні гандлёвых паслуг.

– 2024-ы ў Беларусі аб’яўлены Годам якасці. Пільная ўвага, у тым ліку і работнікаў пракуратуры, будзе звернута на якасць тавараў,
паслуг, якія рэалізуюцца і аказваюцца насельніцтву раёна. У поле зроку праверак, маніторынгаў трапяць аб’екты гандлю, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, бытавога абслугоўвання, аховы здароўя, адукацыі, культуры. Будзем узаемадзейнічаць з іншымі зацікаўленымі службамі, каб своечасова выявіць парушэнні і прыняць меры па іх выпраўленні. Якасць жыцця насельніцтва – надзвычай важнае пытанне, – адзначае пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка.
Што тычыцца якасці гандлёвага абслугоўвання, то такога кшталту сумесны маніторынг пракуратуры і санітарнай службы – першы.
– Пабывалі ў чатырох сельскіх магазінах гандлёвай сеткі «Родны кут». Даводзіцца канстатаваць, што парушэнні выяўлены ва ўсіх крамах. Найбольш з іх датычыцца незахавання тэрмінаў прыгоднасці. З такім парушэннем выяўлена 21 найменне бакалейнай групы тавараў: напіткі, кандытарскія вырабы. Акрамя таго, сустракаюцца і факты незахавання ўмоў захоўвання.
У прыватнасці, гэта датычыла рыбных прэсерваў. Адзначаюцца парушэнні таварнага суседства. Такая прадукцыя непасрэдна ўплывае на бяспеку спажыўца, таму адразу была знята з продажу і ўтылізавана з прадастаўленнем дакументаў, што гэта пацвярджаюць, – расказала памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Вольга Шчарбакова.
Кантроль за якасцю будзе працягнуты.
Галіна КАНЬКО.