У снега выхадных не бывае. Снежаньскія выхадныя вырашылі адразу праэкзаменаваць, як камунальнікі, дарожнікі і іншыя службы гатовы сустрэць зіму

Першыя снежаньскія выхадныя вырашылі адразу праэкзаменаваць, як камунальнікі, дарожнікі і іншыя службы гатовы сустрэць зіму. Выпрабоўвала надвор’е і землякоў на згуртаванасць у агульнай справе, часам на стрэсаўстойлівасць.

Актывісты БРСМ падтрымалі чэлендж #убираемснег.
Вучні Крывошынскай СШ.

Як толькі пачаўся снегапад, камунальны транспарт патруляваў горад. Дарогі расчышчаў МАЗ, пад раніцу ўжо ўся тэхніка службы працавала на расчыстцы – сем адзінак.
– Задзейнічалі ўсе рэсурсы. Разумеем, што вуліцы павінны быць камфортнымі для язды. У першую чаргу, расчысцілі цэнтральную вуліцу. Асобна прапрацавалі шляхі да райбальніцы і міліцыі. Калі землякам патрэбна дапамога – яна павінна быць аказана свое-
часова. У абед расчышчалі пад’езды да дамоў, двары, да вечара пастараліся расчысціць прыватны сектар. Паверце, стараліся ўсюды паспець.
Дзякуй землякам, якія ў свае выхадныя паклапаціліся і пра сябе, і пра іншых: расчысцілі выхады з пад’ездаў, тратуары каля шматпавярховікаў, пачысцілі паркоўкі. Хацелася б яшчэ раз нагадаць ляхавічанам: тэхніка можа пачысціць там, дзе ёй ёсць месца праехаць і развярнуцца. Калі на праезнай частцы стаіць аўто, на жаль, не магчыма якасна расчысць тратуар, – адзначыў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Бесперабойна ў выхадныя працавала дарожная служба. Як адзначае выконваючы абавязкі начальніка ДРБУ-200 Максім Муха, пазней гадзіны ночы суботы МАЗы і МТЗ занялі свае снегаачышчальныя пазіцыі:
– Бліжэй да раніцы дзесяць адзінак тэхнікі расчышчалі дарогі. Першапачатковая задача – расчысціць маршруты грамадскага транспарту. Аўтобусы павінны даставіць пасажыраў ва ўсе сельскія населеныя пункты без перашкод. Канешне, папрацавалі на пад’ездах да горада. Пасля перакінулі сілы на дарогі мясцовага значэння. Больш за 20 нашых супрацоўнікаў пазменна змагаліся са снежнай стыхіяй і працягваюць гэта рабіць. Важна, што ў гэтай справе службы і прадпрыемствы раёна працуюць у звязцы. Дзякуй сельгаспрадпрыемствам раёна, якія не толькі расчысцілі свае тэрыторыі і пад’езды да іх, але і вуліцы населеных пунктаў, дзе размяшчаюцца.
Канешне, нам усім хочацца, каб да кожнага з нас у тую ж хвіліну прыехаў трактар і ўсё пачысціў. Але варта разумець, што дарог і тратуараў у раёне шмат – адначасова яны не стануць расчышчанымі. Тэхнікі хапае, але не так, каб адразу расчысціць усе месцы. Таму давайце праявім цярпенне, павагу да тых, хто днём і ноччу працуе на наш камфорт.
У пажарна-выратавальнай службы да гэтых выхадных усё было падрыхтавана.
– Мы гатовы былі выехаць на любы выклік, калі патрабавалася вызваліць машыну са снежнага палону, выцягнуць транспарт, напрыклад. На тэлефон адзінай дыспетчарскай службы такіх паведамленняў не паступала. Хацелася б звярнуць увагу аматараў зімняй рыбалкі. Не паспеў першы лёд пакрыць рэкі, як іх паверхню апанавалі аматары зімняй рыбалкі.
А на лёд можна выходзіць, калі яго таўшчыня перасягнула
7 сантыметраў. Да таго ж, варта паклапаціцца і пралічыць усе варыянты. Пры выхадзе на лёд рыбакі павінны апрануць выратавальную камізэльку. Але ж самы бяспечны варыянт – гэта ўзважыць усе за і супраць, не рызыкаваць парукілаграмовым уловам дзеля жыцця, – расказаў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Супрацоўнікі АДАІ РАУС таксама кругласутачна неслі дзяжурства на вуліцах горада і раёна. Як адзначыў начальнік АДАІ Яўгеній Вайшэвіч, ДТЗ па раёне гэтымі днямі не зарэгістраваны. А вось, напрыклад, у нядзелю падчас дзяжурства інспектарам давялося не аднойчы дапамагаць вадзіцелям выехаць з сумёту.
А сацыяльныя сеткі гэтымі днямі стракацелі зімовымі сюжэтамі. Горкі, санкі, снегавікі, лыжы, прыгожыя лясныя краявіды – усё гэта фіксавалі нашы землякі. А пад хэштэгам #убираемснег з’явілася шмат кадраў, дзе ляхавічане на сваіх падворках, тэрыторыях шматпавярховікаў разам змагаюцца са снежнай стыхіяй. Галоўнае, з настроем і па-баявому, такая дапамога камунальнікам толькі на радасць. Лепш, чым чакаць і вінаваціць розныя службы, што не дайшлі-не даехалі, выйсці і паклапаціцца пра сябе і іншых. Гэта не складана, а часам наадварот – добрая справа ў жыццёвую скарбонку!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.