Паштавік – справа сямейная. 7 мая прафесійнае свята адзначаюць добрыя сябры і надзейныя партнёры «веснікаўцаў»

7 мая прафесійнае свята адзначаюць добрыя сябры і надзейныя партнёры «веснікаўцаў» – работнікі Баранавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі, у які сёння ўваходзяць і ляхавіцкія паштавікі.

Дзякуючы нашым паштальёнам па серадах і суботах спяшаецца да сваіх адрасатаў у райцэнтры, аграгарадках і вёсках «Ляхавіцкі веснік». Наогул, паш-тальёны за дзень «накручваюць» не адзін дзясятак кіламетраў, каб парадаваць землякоў добрымі навінамі, аформіць падпісныя абанементы, даставіць пенсію і, канешне, карэспандэнцыю – газеты, часопісы, паштоўкі і пісьмы.
Спяшаюцца землякі і ў гарадское і вясковыя аддзяленні паштовай сувязі, каб аплаціць камунальныя паслугі, атрымаць пасылку ці бандэроль або купіць спадарожныя тавары. Іх заўжды ветліва сустрэнуць спецыялісты па паштовай дзейнасці.
– У сярэднім за дзень на АПС № 2 г. Ляхавічы абслугоўваецца ад 160 да 350 кліентаў. Нягледзячы на істотную нагрузку, кожны спецыяліст уважліва ставіцца да ўсіх наведвальнікаў. Таксама ў склад нашага аддзялення ўваходзяць сем аўтамабіляў мотадастаўкі. Усе работнікі пошты на колах – мабільныя, актыўныя, адказныя і аператыўныя, – гаворыць намеснік начальніка АПС № 2 Таццяна Дарашэнка.
А для некаторых землякоў пошта яшчэ і сямейная справа. 28 гадоў у прафесіі спецыяліст па паштовай дзейнасці Данута Архангельская, якая прыйшла калісьці на гарадское аддзяленне маладым спецыялістам і засталася тут працаваць.
– Не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Падабаецца працаваць з людзьмі, навучылася з першых хвілін пазнаваць, які настрой у кліента. Кожнаму неабходна ўвага – падказаць, растлумачыць, дапамагчы. Тут без ветлівасці, увагі не абысціся, – дзеліцца Данута Архангельская.
Дарэчы, паштавік цяпер і яе муж. Другі год, як былы кадравы ваенны Юрый Архангельскі працуе вадзіцелем аўтамабіля мотадастаўкі, калясіць з паштовымі паслугамі па Ляхавіцкім і Ганцавіцкім раёнах.
Заўтра Данута і Юрый Архангельскія (на здымку) і ўсе іх калегі-паштавікі будуць прымаць віншаванні з прафесійным святам. Да добрых словаў далучаецца і «ЛВ».

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.