На Ляхавічыне пасяўная набірае моц
Вясна гэтага года паспела ўжо адзначыцца і невялікім дожджыкам. Пасля некалькіх тыдняў «засухі» для аграрыяў ён быў хутчэй дарэчным, чым фактарам, які крыху запаволіў пасяўную кампанію. Вільгаць нябёс як мінімум прыбіла пыл, які ўсе апошнія дні густымі хмарамі суправаджаў работу ў палях сельскагаспадарчай тэхнікі.
А што ж тэмпы? Як адзначыў галоўны спецыяліст упраў-лення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ігар Яварчук, па стане на пачатак тыдня, аграрыі Ляхавіччыны завяршаюць сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых. За выключэннем асобнай фермерскай структуры, да фарміравання пасяўных плошчаў цукровых буракоў прыступілі ўжо ўсе буракасейбіты раёна.
З салодкага дэсерту і пачнём наш веснавы агляд. З запланаванага на бягучы год раённага кліна цукровых буракоў плошчай у 1 800 гектараў на раніцу 6 красавіка засеяна было 611. ЗАТ «Фораланд»
на пачатак гэтага тыдня ўжо адсеялася на больш як чатырох сотнях сваіх «салодкіх» гектараў. Таксама таварыства займае другое месца ў раёне па маштабе вырошчвання гэтай сельгаскультуры, якую ў бягучым годзе маюць намер вырасціць на 630 гектарах.
А лідар ранейшы, ім са сваімі 750 пасяўнымі гектарамі застаецца ААТ «Жарабковічы», дзе гэты від пасяўных работ
пакуль толькі пачынае набіраць абароты. Акрамя названых суб’ектаў, цукровыя буракі ў нашым раёне плануюць атрымаць і ўжо дастаткова адсеяліся ААТ «Шлях новы» і СУП «Ліпнянка», а таксама асобныя фермеры. У цэлым буракапасяўны шлях у раёне пройдзены больш як на трэці планавых плошчаў.
Вырошчваннем ільну ў раёне займаюцца дзве спе-цыялізаваныя вытворчыя структуры – Ляхавіцкі льнозавод і міжраённая льнонасенстацыя. З запланаваных на сезон 2 250 гектараў, завадчане ўжо адсеяліся прыкладна на тысячы.
А аграрыі льнонасенстанцыі і ўвогуле рыхтуюцца адзначыць дасеўкі, работы ўжо выкананы на 380 гектарах з 400 планавых.
Што тычыцца сяўбы ранніх збожжавых і зернебабовых сельгаскультур, то работа ў гэтым напрамку блізіцца да завяршэння, нягледзячы на той факт, што працягваецца з перавышэннем папярэдніх планавых заданняў. У першачарговым варыянце стаяла задача засеяць аўсом, ячменем і асобнымі іншымі відамі ранніх яравых крыху больш за тры тысячы гектараў. Па стане на пачатак бягучага тыдня, сяўба пераадолела агульную плошчу памерам у тры з паловай тысячы гектараў. З перавышэннем сваіх «ранніх» пасяўных планаў спрацавала абсалютная большасць сельгаспрадпрыемстваў раёна. Тым не менш, работы ні на хвіліну не прыпыняюцца, сяўба ў раёне набірае і моц, і сілу, і тэмпы. Напрыклад, СУП «Ліпнянка» ўжо стартавала з пшаніцай, засеяла гэтай культурай каля трох дзясяткаў гектараў поля.
Іван КАВАЛЕНКА.

