Ляхавіцкія «міратворцы» сталі «арлянятамі». Першая раённая гульня «Міратворац» прайшла на Ляхавіччыне

Першая раённая гульня «Міратворац» прайшла на Ляхавіччыне 4 мая ў межах рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня».

Арганізатары «Міратворца» – аддзел па адукацыі райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы камітэт ГА «БРСМ» – прысвяцілі гульню Году міру і стварэння, а лакацыяй стаў стадыён «Колас» у райцэнтры. За званне пераможцаў спаборнічалі дзевяць каманд з устаноў адукацыі раёна, у тым ліку навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа.

…Раўненне на Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, гучыць гімн, і юныя «міратворцы» становяцца ўдзельнікамі першай ваенізава-най раённай гульні. Да рабят з віншаваннямі і наказам быць сапраўднымі патрыётамі краіны звярнулася начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
На маршруце гульні шэсць іспытаў: ваенізаваная гульня на мясцовасці «Час каманды», агляд строю і песні «Кожны з нас у страі!», конкурсы «Трапны стралок», «Мужнасць! Адвага! Гонар!», «Баявы лісток» і інтэлектуальны квіз-турнір «Памятаем пра мінулае, ганарымся сучасным, думаем пра будучыню!».


– Першая ваенізаваная раённая гульня «Міратворац» стала працягам сістэмнай работы па выхаванні патрыятызму. Агульнавядомая ісціна: патрыётамі не нараджаюцца – імі становяцца. Мэтай гульні з’яўляецца садзейнічанне станаўленню актыўнай грама-дзянскай пазіцыі нашых навучэнцаў, фарміраванню вернасці абавязку па абароне Айчыны. Рабяты падчас гульні праявілі камандную згуртаванасць, прадэманстравалі творчыя таленты, спрыт, трываласць, веданне беларускай гісторыі, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік.
Сярод членаў судзейскай камісіі і начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута, які ацэньваў агляд строю і песні і падкрэсліў пад-рыхтаванасць рабят да гэтага іспыту. Спецыяльная амуніцыя, дакладнае выкананне страявых прыёмаў і каманд, зладжаны рух страявым крокам і іншае стваралі ўяўленне, што хлопчыкі і дзяўчынкі трэніраваліся пад кіраўніцтвам вопытных вайскоўцаў.
Кожная каманда старалася дастойна справіцца з заданнямі і паказаць найлепшы вынік.
Пераможцай раённай гульні прызнана каманда Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, на другім месцы – «міратворцы» Ліпскай СШ, бронза дасталася навучэнцам Ляхавіцкага аграрнага каледжа.
– Было крута! Эмоцыі проста зашкальваюць. Выконваць конкурсныя заданні было няпроста, але цікава. На памяць застануцца і шматлікія падарункі, і адметныя фотаздымкі, – падзяліліся ўражаннямі пераможцы з Жарабковічаў. Дарэчы, камандзір каманды Дзмітрый Валынец у будучым марыць паступіць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.