Нашы суперскія «Малюткі». За званне «Міс Малютка – 2023» у Ляхавічах змагаліся пяць дзяўчынак

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Феерычна, весела, цікава было ў мінулую нядзелю ў гарадскім Доме культуры. За званне «Міс Малютка – 2023» у раённым конкурсе змагаліся пяць дзяўчынак.

Колькі ж артыстызму, талентаў і энергіі ў нашых юных зямлячак – гэта ўжо было відавочна падчас першага конкурсу «Візітоўкі», «Шахерэзада», «Чабурашка», «Царэўна Лебедзь», «ПэпіДоўгаяПанчоха», «Мальвіна» – у вобразе і касцюмах казачных персанажаў прадсталі перад журы і балельшчыкамі дзяўчынкі. І не толькі прадэфіліравалі па сцэне, але і прэзентавалі свайго героя. Песні, танцы, вершы, гумар і добры настрой – такім запомніўся творчы іспыт. У захапленні засталіся ўсе: гледачы, журы ды і самі ўдзельніцы, калі праходзіў конкурс «Модны дызайн». З самага звычайнага матэрыялу бацькі дзяўчынак стварылі модныя рэчы і касцюмы. Фінальным стаў выхад у прыгожых сукенках «На бале ў Папялушкі».
Не дзіўна, што пасля кожнага конкурсу не сціхалі апладысменты. Сярод балельшчыкаў – мамы і таты, бабулі і дзядулі, аднакласнікі і сябры.
Журы было не проста складана, а вельмі складана. Гэта пацвердзіў і той факт, што пераможца набрала толькі на адзін бал больш, чым канкурсантка, якая заняла другое месца.
Без тытула не засталася ні адна з удзельніц. Карына Бубен – «Міс Артыстычнасць», Валерыя Пранчак –
«Міс Грацыя», Ірына Шаўко – «Міс Фота» і «Міс глядацкіх сімпатый», Аліса Петручэня – «Міс Зачараванне» і «Міс Арыгінальнасць». А пераможцай «Міс Малютка – 2023» стала Ульяна Бурымская. Дарэчы, з тытуламі дзяўчынак віншавала член журы Вераніка Пудзікава – мадэль, педагог па дэфіле, уладальніца многіх тытулаў у конкурсах прыгажосці.
Усе ўдзельніцы суперпяцёркі атрымалі падарункі (у тым ліку і абанемент на заняткі па мадэлінгу), кветкі і шквал апладысментаў.
У тым, што конкурс атрымаўся, немалая заслуга і артыстаў з СШ № 1 і цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама гасцей з Баранавічаў – удзельніц мадэльнага кастынг-агенцтва і школы мадэляў OYMODELS.
Спонсарамі мерапрыемства выступілі раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, БРСМ, мадэльнае кастынг-агенцтва і школа мадэляў OYMODELS.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.