У сэрцах беларусаў назаўжды. Патрыятызм пачынаецца з павагі да дзяржаўных сімвалаў

Любім Беларусь і ганарымся сваёй Айчынай, малой радзімай! Гэтая думка рэфрэнам гучала падчас мітынгу «У маім сэрцы Беларусь», прымеркаванага да Дня Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

У Год міру і стварэння святу, прысвечанаму дзяржаўным сімвалам, споўнілася чвэрць стагоддзя, але ўпершыню беларусы адзначалі яго з пашыранай назвай, якая дазволіла аддаць даніну павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам – гербу, флагу і гімну. Адпаведны ўказ Кіраўнік дзяржавы падпісаў сёлета ў сакавіку.
Месцам святочных падзей у райцэнтры па традыцыі стала плошча Леніна, расквечаная да важнага дзяржаўнага свята чырвона-зялёнымі колерамі сцягаў. Раніцай 14 мая тут сабраліся кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі працоўных калектываў, ветэраны і моладзь, гараджане і госці горада.
Землякоў павіншаваў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які падкрэсліў, што сіла нашага народа ў нацыя-
нальным адзінстве і ўменні памятаць і шанаваць свае карані.
Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны флаг, сцягі Брэстчыны і Ляхавіччыны прадастаўлена людзям, якія сваёй добрасумленнай працай і дасягненнямі садзейнічаюць росквіту, а значыць – міру і незалежнасці Радзімы: аператару па штучным асемяненні жывёл СВК «Ляхавіцкі» Івану Патаповічу, які летась быў адзначаны дзяржаўнай узнагародай – ордэнам Працоўнай Славы, а сёлета занесены на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна, уладальніку ганаровага звання «Чалавек года» Ляхавіччыны, кіраўніку ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак» Генадзію Крываруцкаму і дзевяцікласніку СШ № 2 Сямёну Глушко – неаднаразоваму пераможцу раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў.
Патрыятычныя пачуцці ляхавічан узмоцнены цудоўнымі песнямі пра Беларусь і працавітасць беларусаў, пра прыгажосць родных мясцін у выкананні творчых калектываў гарадскога Дома культуры і Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ


А напярэдадні 14 мая ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь прайшлі ва ўсіх установах адукацыі Ляхавіччыны. Адно з іх – «У сімвалах дзяржавы – гісторыя майго народа» адбылося ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Навучэнцаў школ райцэнтра з дзяржаўным святам віншавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская, якая пажадала ведаць і шанаваць нацыянальныя сімвалы, насіць іх дастойна і з гонарам.
Свае віншаванні юнакам і дзяўчатам са святам адрасаваў памочнік пракурора Яўгеній Вількоўскі, які пажадаў стаць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны і садзейнічаць яе працвітанню.
Нам ёсць чым ганарыцца! Галоўнае – паважаць і захоўваць нашы атрыбуты, перадаваць іх з пакалення ў пакаленне як галоўныя сімвалы міру і незалежнасці. Падчас урачыстасці рабятам нагадалі гісторыю дзяржаўнай сімволікі, доўгі час станаўлення, развіцця і ўстанаўлення, а таксама сэнс, які яны нясуць, важнасць выканання законаў дзяржавы. 19 навучэнцам дзень будзе памятны і ўступленнем у вялікую сям’ю БРСМ. Членскія білеты рабятам уручыла першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Анастасія Дземідовіч.
Атмасферу свята дапоўнілі нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні навучэнцаў СШ № 1, № 2 і ЦДАДіМ.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

«ЛВ» пацікавіўся ва ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства, што для іх значыць гэтае свята.

Арына СТРАМАВУС, дзесяцікласніца СШ № 1:
– Ганаруся, што я беларуска! У нашай краіне асаблівыя паважлівыя адносіны да дзяржаўных сімвалаў, з урачыстасцю адзначаюць Дзень Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. З радасцю ўдзельнічаю ў разнастайных мерапрыемствах і з задавальненнем спяваю песні пра любімую Беларусь.

Павел ЗАВАДСКІ, дзевяцікласнік гімназіі:
– Свята краіны – маё свята! Таму сёння я разам са сваімі аднакласнікамі і сябрамі. Люблю сваю Радзіму, ганаруся родным горадам, які заўсёды малады і прыгожы.

Аліна БАЙРАШЭЎСКАЯ, адзінаццацікласніца СШ № 2:
– Свята для мяне напоўнена асаблівым сэнсам. На спаборніцтвах па дзюдо з гонарам слухаю беларускі гімн і адчуваю задавальненне і жаданне яшчэ больш перамагаць, калі пад словы «Наша любімая маці-Радзіма, вечна жыві і квітней, Беларусь» на фоне Дзяржаўнага флага атрымліваю чарговую ўзнагароду!