У экзаменаў – новы фармат. Як у Ляхавічах прайшоў першы ў гісторыі цэнтралізаваны экзамен?

Мінулую нядзелю па праве можна назваць асаблівай для адукацыйнай прасторы Беларусі. Упершыню быў праведзены цэнтралізаваны экзамен – новы фармат уступных іспытаў. Па ўсёй краіне арганізаваны пункты для правядзення ЦЭ, на Ляхавіччыне – у гімназіі.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Для праходжання іспыту па беларускай і рускай мовах зарэгістраваліся 150 сёлетніх выпускнікоў з усіх сярэдніх школ Ляхавіцкага раёна і два экстэрны. На экзамен прыйшлі-прыехалі ўсе зарэгістраваныя. 99 рабят здавалі экзамен па беларускай мове, 53 –
па рускай мове.
– Лічу, што экзамен здавалі не толькі рабяты, але і педагогі, арганізатары. Пастараліся прадумаць усё да дробязей і стварыць такія ўмовы, каб удзельнікі іспыту думалі толькі пра экзамен, каб ім было камфортна і спакойна. У абавязковым парадку ўлічылі пэўныя моманты, якія ўзнікалі падчас рэпетыцыйнага ЦЭ, – расказвае намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
У гімназію рабят падвозілі на школьных аўтобусах, за кожнай групай замацаваны свой суправаджальнік. Перад уваходам у гімназію быў устаноўлены спецыяльны стэнд са спісамі тых, хто зарэгістраваўся на ЦЭ. Уваход у гімназію – строга па пашпарце і спецыяльных пропусках для дзяцей і педагогаў. Дзяжурылі супрацоўнікі РАНС і РАУС, арганізавана работа медпункта і буфета.
Цэнтралізаваны экзамен па рускай і беларускай мовах доўжыўся
120 мінут. Хто справіўся з заданнем раней, мог пакінуць аўдыторыю. Вынікі будуць вядомы на працягу дзесяці рабочых дзён. Правяраюць іспыты ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў.
– Усё прайшло спакойна, у рабочым рэжыме. Нікога з экзаменуемых
не выдалілі з аўдыторыі, парушэнняў і пазаштатных сітуацый не было, як і не паступала скаргаў. Можна лічыць, што ўсё атрымалася, – падводзіць вынікі Марыя Саракавік.
А 21 мая выпускнікоў і экстэрнаў  чакае чарговы ЦЭ – па астатніх школьных прадметах. Няхай усё атрымаецца!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.