За рашэннямі – лёс беларусаў. Дэлегат пятага УНС : » Падзея, якая займае асаблівае месца ў памяці»

Стаць удзельнікам УНС, адчуць гэту адказнасць, датыкнуцца да вырашэння важнейшых дзяржаўных задач – падзея, якая займае асаблівае месца ў памяці. У гэтым пераканана ляхавічанка Святлана Ермаковіч. Для сваіх землякоў гэты чалавек знаёмы перш за ўсё як выдатны педагог. Больш за 40 гадоў Святлана Вікенцьеўна выкладае беларускую мову і літаратуру, вучыць юных беларусаў адчуваць сэрцам самую сакавітую і мілагучную мову ў свеце.
Бо ўпэўнена, што не магчыма жыць у краіне без павагі і любві да матчынай мовы – таму са сваімі вучнямі імкнецца глядзець на свет па-беларуску, думаць і разважаць па-роднаму. У гэтым яе педагагічны сакрэт: падыходзіць да справы з любоўю, адкрываць свет з дзецьмі праз самыя лепшыя пачуцці.

Фота: 
vns.gov.by.

– Па сёння захоўваю пасведчанне дэлегата пятага Усебеларускага народнага сходу. Тады, 22-23 чэрвеня 2016 года, побач
з прадстаўнікамі з усёй краіны прымала ўдзел у такой важнай падзеі. Памятаю даклад нашага Прэзідэнта – грунтоўны, дэталёвы, ён закранаў усе сферы нашага жыцця. І, ведае-це, калі паглыбіцца і паразважаць, Кіраўнік дзяржавы прадбачліва глядзеў наперад. Тое, што закраналася, знайшло адлюстраванне ў нашым жыцці. Як важна, што першы Усебеларускі народны сход атрымаўся і даў традыцыю наступным пакаленням дэлегатаў прымаць рашэнні ў такім фармаце. І якія рашэнні! Яны тычацца нашага жыцця, нашых узаемаадносін
з суседзямі, вызначаюцца вектары ўнутранай і знешняй палітыкі. Тэзісы даклада гучаць вельмі актуальна і сёння,
– успамінае
Святлана Ермаковіч.

Адукацыйная прастора, інавацыі і перспектывы развіцця галіны заўжды закраналіся падчас сходаў УНС. Прэзідэнт ва ўсе часы акцэнтаваў, што сістэма адукацыі павінна развівацца з улікам патрабаванняў эканомікі, быць гібкай. У 2016 го-
дзе падчас пятага сходу УНС
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што патрэбна пашыраць практыка-арыентаванае навучанне. Гэта адзіны шлях падрыхтоўкі спецыялістаў, якія валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія ведаюць усе этапы вытворчасці.
– Паглядзіце, наколькі актуальна гэта гучыць зараз. Мы да гэтага вярнуліся і працуем з улікам практыка-арыентаванага падыходу. У 2025/2026 навучальным годзе ў Ляхавіцкім раёне 125 старшакласнікаў навучаліся ў класах прафесійнай накіраванасці. Гэта педагагічныя, ваенна-патрыятычныя, аграрныя, інжынерныя, медыцынскія класы. І гэта практыка дала плён. Напрыклад, у 2026 годзе 100 працэнтаў гімназістаў – выпускнікоў інжынернага класа сталі навучэнцамі ўстаноў адукацыі па выбраным профілі. 80 працэнтаў выпускнікоў медыцынскага класа СШ № 2 сталі студэнтамі медыцынскіх устаноў адукацыі. Вось што значыць прафарыентацыйны падыход, –
рэзюмуе педагог.
Святлана Вікенцьеўна – чалавек, якому заўжды трэба адчуваць сябе камфортна ў часе. Што гэта значыць? Любыя навацыі не могуць прайсці міма яе. А як па-іншаму, калі яна шмат гадоў з’яўляецца кіраўніком вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры гімназіі, а для школьнікаў устаноў адукацыі раёна – чалавек, які рыхтуе іх да цэнтралізаванага экзамену і рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. 

– Безумоўна, тады як педагога хвалявалі прапановы наконт змяненняў падыходу да здачы ЦТ. Прэзідэнт падкрэсліваў, што экзамен павінен паказаць атрыманыя веды, а не нанесці псіхалагічныя траўмы. Сёння мы бачым выбудаваную сістэмную здачу цэнтралізаванага экзамену і тэсціравання. І для дзяцей
гэта сапраўды вельмі камфортны варыянт праверкі ведаў, падсумавання ўсяго навучання. Тым больш здаюць экзамен рабяты тут, на месцы, у родным горадзе, лічу такі комплексны падыход аптымальным. У выпускнікоў больш часу, каб спакойна без мітусні падрыхтавацца да ЦТ, – адзначае Святлана Ермаковіч.
Прэзідэнт шмат увагі тады звярнуў на тое, што адукацыйныя працэсы павінны адлюстроўваць і ўлічваць рэчаіснасць. Гэта тычыцца і школьных праграм.
– Як педагог, заўжды звяртаю ўвагу на тое, як нашы праграмы адаптуюцца да інавацыйных змяненняў. Напрыклад, нашы школьнікі пачнуць вывучаць у кантэксце інфарматыкі тэму тэхналогіі штучнага інтэлекту. Дзевяцікласнікі будуць вучыцца прымяняць ШІ ў мадэляванні. А як важна вучыць нашых дзяцей кібербяспецы – тэма прадыктавана часам, і наша Міністэрства адукацыі рэагуе на гэтыя змяненні ў грамадстве. А як заявілі пра сябе ваенна-патрыятычныя класы! Магу адназначна сказаць, што рабяты, якія там навучаюцца, становяцца больш дарослымі на вачах. Становяцца адказнымі, матываванымі, па-іншаму глядзяць на свет. Гэта не толькі пра зборку-разборку аўтамата. Тут варта глядзець глыбей. Гэта пра адказнасць абаронцаў, пра вернасць і любоў да Радзімы. Важна, што на базе гімназіі створаны гарадскі цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. І з гэтага года нашы юнакі будуць асвойваць навыкі кіравання беспілотнікамі. І гэта ў межах школьнай праграмы! – расказвае Святлана Вікенцьеўна.
Пяты Усебеларускі народны сход падкрэсліў важную беларускую традыцыю жыцця. Галоўным дасягненнем названы мір, спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. І гэта дасягненне
і сёння наш беларускі брэнд.

– Заўжды сачу за рашэннямі УНС, была на сустрэчах з дэлегатамі
цяперашняга сходу. Адзначу, што мы нават не ўсведамляем, якая важкая роля ў гэтай структуры, якую адказную місію нясуць на сабе ўсе яе рашэнні. Азірніцеся – кожны сход вызначаў стыль жыцця будучай пяцігодкі. Тады, у 2016 годзе, шмат гаварылася пра якасць жыцця беларусаў, у тым ліку медыцынскае абслугоўванне
і сацыяльную абарону. Прыярытэтамі былі аб’яўлены інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь. І гэта дзесяць гадоў назад – а прыярытэты гучаць моцна і сёння! Гэта была адкрытая размова з кожным дэлегатам, з кожным беларусам – гэта была размова на ўвесь свет. Прэзідэнт адкрыта гаварыў пра нашы планы. Памятаю, як ускалыхнула грамадства навіна пра пачатак будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Колькі было спрэчак, тысячы меркаванняў. І паглядзіце на гэта сённяшнімі вачыма, з улікам будучыні. Ужо тады гучала шмат рэйтынгаў, дзе Беларусь трымала лідарскія пазіцыі. У тым ліку – і па ўзроўні адукацыі. Таму варта сказаць так. Праз гады мы бачым, што кожнае рашэнне сходу – гэта складнік нашага якаснага жыцця. Усё для беларусаў і Беларусі. Рада,
што я стала часткай вялікай гісторыі, – адзначыла Святлана Ермаковіч.

Кожную раніцу настаўніца роднай мовы спяшаецца ў родную гімназію, каб са сваімі вучнямі паглыбіцца ў свет прыгожых слоў. А па-за вучэбнымі буднямі Святлана Ермаковіч – у грамадскіх справах. Яна па сумяшчальніцтве – дэпутат раённага Савета дэпутатаў. А за гэтым таксама адказнасць, перш за ўсё перад выбаршчыкамі.

Маргарыта
Кухта-Маслоўская.
Фота з архіва «ЛВ» і vns.gov.by.