Падтрымка ініцыятывы і дэпутацкі маніторынг

Кожны асабісты прыём грамадзян, прамая тэлефонная лінія, сустрэча ў працоўным калектыве для дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Георгія Хлябовіча і яго калег-парламентарыяў – магчымасць напрамую даведацца пра праблемы і пытанні, што хвалююць выбаршчыкаў, паспрыяць у іх вырашэнні.

У мінулы панядзелак падчас прамой тэлефоннай лініі да Георгія Хлябовіча з мясцовай ініцыятывай звярнуліся жыхары вёскі Мядзведзічы, якія пажадалі самі сабраць грошы і адрамантаваць мясцовую капліцу. Маўляў, патрэбна дапамога. Просьба была пачута, і на наступны дзень дэпутат Парламента сумесна са старшынёй Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімірам Плескацэвічам выехалі ў Мядзведзічы.
– На месцы вырашылі ход далейшых дзеянняў. З раённай уладай прапрацавалі магчымае развіццё сітуацыі. Плануецца распачаць рамонт з прыцягненнем спонсарскай дапамогі і сродкаў, сабраных жыхарамі Мядзведзічаў, – падкрэсліў Георгій Хлябовіч.
Рабочы графік дэпутата прадоўжыў асабісты прыём грамадзян, які прайшоў у Ляхавіцкім райвыканкаме з удзелам старшыні райсавета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча і членаў Маладзёжнага
савета пры райсавеце дэпутатаў. На прыём
звярнуўся жыхар Ляхавіцкага раёна па пытанні магчымых змяненняў у пенсійным заканадаўстве. Так, у Год беларускай жанчыны ўнесена прапанова аб тым, каб у страхавы стаж жанчын, якія нарадзілі і выхоўвалі трох дзяцей, уваходзіў перыяд, калі яны знаходзіліся ў водпуску па доглядзе за дзіцём. Георгій Хлябовіч, які ўваходзіць у склад парламенцкай Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, падкрэсліў, што гэта тэма па-ранейшаму актуальная, і ён выступіць з ініцыятывай яе далейшага разгляду.
Сумесна з Юрыем Чаранкевічам і намеснікам старшыні райвыканкама Людмілай Матчэня абмеркавана пытанне сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна. Разглядалася і тэма забяспечанасці гандлёвых кропак Ляхавіччыны таварамі школьнага асартыменту. У прыватнасці, размова ішла пра цэнавы фактар, разнастайнасць тавараў, іх даступнасць.
Дэпутаты Парламента, выконваючы даручэнне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергяенкі, інспектуюць на прадмет гатоўнасці да
1 верасня не толькі ўстановы адукацыі, але і аб’екты гандлю ў плане забяспечанасці школьнымі таварамі. Георгій Хлябовіч праманіторыў магазіны рознай формы ўласнасці ў Ляхавічах.


– Падчас наведвання магазіна «Світанак» і секцый гандлёвага дома «Этаж» адзначаны дастатковы асартымент адзення для школьнікаў, канцылярскіх прыналежнасцей. Цэны бюджэтныя – не вышэй, чым у сярэднім па краіне, – расказаў Георгій Хлябовіч.
Акрамя таго прадоўжана практыка дэпутацкага маніторынгу забяспечанасці магазінаў харчовых тавараў рознай формы ўласнасці якаснымі таварамі, цэнаўтварэння, захавання санітарна-гігіенічных нормаў і правілаў у магазінах. Якасць, асартымент, цэны – на гэта звяртаецца асаблівая ўвага падчас наведвання гандлёвых аб’ектаў. Такія маніторынгі накіраваны на вывучэнне наяўнасці неабходных тавараў, у тым ліку сезоннай агародніны і фруктаў, і на захаванне цэнавых дыяпазонаў. У цэлым сітуацыя нармальная, адзначыў дэпутат Парламента, тым не менш выяўлены пэўныя недахопы ў гандлёвых кропках.
Дарэчы, стала традыцыяй, што амаль кожны раз дэпутат Парламента пачынае сваю работу ў Ляхавічах з райбальніцы, дзе ў якасці хірурга-траўматолага праводзіць аперацыі. І бягучы тыдзень не стаў выключэннем.

Галіна КАНЬКО.