Участковае папаўненне. У Ляхавіцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў заступілі на службу ўчастковымі інспектарамі два выпускнікі Акадэміі МУС
У Ляхавіцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў – кадравае папаўненне. З 27 ліпеня заступілі на службу ўчастковымі інспектарамі два выпускнікі Акадэміі МУС – Максім Хвайніцкі і Мікіта Вялеська. Абодва мясцовыя: Максім з аграгарадка Ліпск, Мікіта – з Ляхавічаў. Як пачынаецца іх шлях у прафесіі, і што паспрыяла такому прафесійнаму выбару, пацікавіўся карэспандэнт «ЛВ».
Дынастыя ў пагонах
Максім Хвайніцкі на пытанне, чаму стаў міліцыянерам, з гонарам адказвае:
– Па слядах бацькі. Бачыў, як ён стаяў на варце закону і быў верны прафесійнаму абавязку. Яго прыклад і стаў вырашальным.
Максім паступіў у Акадэмію МУС і сёння ўжо нясе службу ў Ляхавіцкім РАУС, дзе калісьці працаваў яго бацька. Толькі той быў участковым у Ліпску, а ўчастак сына – у Ляхавічах па вуліцах Чкалава, Арлоўскага, Кастрычніцкай, Леніна…
Малады супрацоўнік адзначае, што ў калектыве яго сустрэлі як свайго – тры месяцы быў тут на пераддыпломнай практыцы, таму паспеў пазнаёміцца з калегамі і ўвайсці ў курс справы. За кожным маладым спецыялістам у РАУС замацаваны настаўнік з ліку вопытных супрацоўнікаў. Настаўнікам Максіма стаў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Ісаханаў, які ў прафесіі 28 гадоў.

– Сяргей Гамісаравіч падтрым-ліваў і дапамагаў яшчэ падчас практыкі. І зараз з любым пытаннем да яго можна звярнуцца, –
дзеліцца Максім. З першых дзён работы ўчаст-ковы інспектар знаёміцца з насельніцтвам. Асаблівая ўвага – пажылым грамадзянам і іншым уразлівым катэгорыям. Пакідае свой нумар тэлефона, каб землякі ведалі: да яго можна звярнуцца ў любы час.
Нядаўна адбылася сітуацыя, якая магла скончыцца дрэнна для навучэнкі адной з устаноў адукацыі, і ўмяшанне ўчастковага дапамагло выратаваць яе грошы. Але і пасля Максім Хвайніцкі кантраляваў сітуацыю. Ён адзначае, што акадэмія дала грунтоўныя веды, а практыка ў розных райаддзелах стала выдатнай навучальнай пляцоўкай. Важныя пажаданні сыну адрасавала і маці: заўсёды паступаць па законе і сумленні, быць мужнай апорай для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, і ніколі не схіляцца перад цяжкасцямі.
Знайсці агульную мову
Мікіта Вялеська мог стаць выдатным футбалістам, але выбраў прафесію міліцыянера і не пашкадаваў. Адзначае, што ўчастковы павінен быць гатовым да любых сітуацый, і доб-рая фізічная форма – важная неабходнасць. Участак адказнасці Мікіты Вялеські – мікрараён вуліц Інтэрнацыянальнай, Леніна, частка Камсамольскай і іншыя. За першыя тыдні службы яму ўжо давялося разбірацца з рознымі сітуацыямі: хуліганства, нанясенне цялесных пашкоджанняў, распіццё спіртных напіткаў, дробныя сваркі. Звяртаюцца і са скаргамі на шумных суседзяў.
Малады супрацоўнік лічыць, што адна з неабходных якасцяў ўчастковага – уменне слухаць і чуць людзей. Не проста прыйсці і скласці пратакол, а растлумачыць, знайсці патрэбныя словы, дапамагчы чалавеку зразумець сітуацыю.
Мікіта – выпускнік СШ № 1 і ў школе зразумеў, што хоча звязаць сваё жыццё са службай правапарадку. На пытанне, ці лёгка працаваць у родным горадзе, адказвае, што маюцца свае плюсы і мінусы. З аднаго боку, ведае мясцовасць і людзей, з другога – даводзіцца размаўляць з тымі, з кім вырас на адной вуліцы. Але гэта, перакананы ён, толькі загартоўвае і вучыць быць аб’ектыўным.
Настаўнік Мікіты – старшы ўчастковы інспектар міліцыі ААПП Аляксандр Хоміч пастаянна з ім на сувязі. Мікіта прызнаецца, што праца з дакументамі забірае нямала часу. Але ў акадэміі быў асобны прадмет, на якім вучылі правільна складаць адказы, рабіць запыты, працаваць з базамі даных. Гэтыя веды дапамагаюць у паўсядзённай службе. Як малады спецыяліст, Мікіта ўжо адчуў на сабе перавагі дзяржаўных гарантый. Пасля заканчэння акадэміі ён атрымаў добрыя пад’ёмныя. Акрамя таго, прадугледжаны бясплатнае медыцынскае абслугоўванне ў сістэме МУС, абавязковае страхаванне і іншыя льготы, якія робяць першыя крокі ў прафесіі больш упэўненымі.
– Маладыя спецыялісты зрабілі правільны выбар, вярнуўшыся працаваць на малую радзіму. Гэта той выпадак, калі чалавек не шукае лёгкіх шляхоў, а выбірае складаную, але пачэсную службу. Важна, што яны прыйшлі з сучаснымі ведамі і ўменнямі. Лічу, што
ў маладых спецыялістаў ёсць чаму павучыцца і вопытным супрацоўнікам – у тым, што датычыць новых тэхналогій і лічбавых інструментаў, – адзначае часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка Ляхавіцкага РАУС Аляксей Паплаўскі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


