Небяспечны адрас на Матросава ў Ляхавічах. У чым справа?

Выехаць і на месцы разабрацца ў сітуацыі. З гэтай мэтай супрацоўнікі аддзела землеўпарадкавання райвыканкама і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі адправіліся на вуліцу Матросава ў Ляхавічах. Нагодай для разбіральніцтва стаў пісьмовы зварот жыхаркі гэтай вуліцы да старшыні райвыканкама. Жанчына просіць аказаць садзеянне ў навядзенні парадку на ўчастку па адрасе Матросава, 15.

Па словах ляхавічанкі, двор літаральна патанае ў зарасніках, ніхто ніколі не косіць і не прыбірае, а суседзі нават баяцца адкрыць вокны, каб не запаўзлі змеі. Але ёсць яшчэ адзін бок праблемы. Тут часта збіраюцца п’яныя кампаніі, нават аднойчы ўжо быў пажар. Так што падворак дома № 15 не толькі неэстэтычны і ў антысанітарным стане, але і небяспечны.
Сітуацыя, расказаная ў звароце, пацверджана ўбачаным непасрэдна на месцы. Праблема відавочная. Двор настолькі зарос хмызняком, бур’яном і пустазеллем, што пабудоў і не відаць.
У аддзеле землеўпарадкавання патлумачылі, што, па інфармацыі суседзяў, права на дом новы ўласнік не зарэгістраваў. Зараз устанаўліваецца гаспадар дома, якому будзе накіравана патрабаванне аб неабходнасці навядзення парадку ў двары дома і вакол яго.
Галіна КАНЬКО.