Час запісвацца працаваць. Маладзёжны кірмаш вакансій сабраў юных жыхароў Ляхавіччыны

Маладзёжны кірмаш вакансій сабраў юных жыхароў Ляхавіччыны, якія жадаюць летам не толькі адпачываць, але і працаваць.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Хутка лета – чаканая пара не толькі для адпачынку. Для старшакласнікаў школ, навучэнцаў каледжаў і студэнтаў ВНУ яшчэ і выдатная магчымасць зарабіць уласныя грошы. Канешне, можна паспрабаваць уладкавацца самастойна. Але куды зручней звярнуцца ў афіцыйныя інстанцыі.

На Ляхавіччыне арганізацыі занятасці школьнікаў і моладзі ў свабодны ад вучобы час надаецца істотная ўвага. З кожным годам пашыраюцца магчымасці для часовага працаўладкавання, укараняюцца новыя формы.
17 мая ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў першы ў раёне маладзёжны кірмаш вакансій. Тут сабраліся навучэнцы гарадскіх і сельскіх школ. Прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый, гатовых прыняць на часовую работу юных землякоў, прэзентавалі свае патрэбы і магчымасці. Арганізатар мерапрыемства – упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама пры садзейнічанні аддзела па адукацыі райвыканкама.
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Іна Зубік адзначыла, што сярод ляхавіцкіх школьнікаў узрастае папулярнасць другаснай занятасці. Рабяты з натхненнем гатовы папрацаваць дзеля ўласнага дабрабыту і на карысць дзяржавы.
– Прэтэндэнту неабходна падрыхтаваць пэўны пакет дакументаў: пашпарт, даведку, што пацвярджае навучанне ва ўстановах адукацыі, працоўную кніжку (пры яе наяўнасці). З такімі дакументамі юнак ці дзяўчына звяртаюцца ў службу занятасці, дзе атрымліваюць накіраванне для працаўладкавання. Абавязкова наяўнасць медыцынскай даведкі пра стан здароўя і пісьмовая згода аднаго з бацькоў або апекуноў для рабят ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, – расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла.
Яна расказала, што гэтым летам плануецца працаўладкаваць 160 школьнікаў і навучэнцаў каледжа. Працоўныя месцы прадастаўляюць ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», «Нача», «Ляхавіцкі кансервавы завод»,
«Ляхавіцкі льнозавод», райпо, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», «Ляхавіцкая ЦРБ», ПМК-13. Разнастайную інфармацыю прадставіла першы сакратар РК БРСМ Анастасія Дземідовіч. Кожны жадаючы мог не толькі запісацца для летняга працаўладкавання, але і задаць хвалюючыя пытанні, у тым ліку наконт прапаноўваемых вакансій, заработнай платы, атрымаць разнастайную карысную
даведачную інфармацыю.

Вось меркаванні некаторых удзельнікаў кірмашу вакансій.

Ягор ЖМУРКО, васьмікласнік СШ № 1:
– Запісаўся на кансервавы завод. Сказалі, што, магчыма, буду працаваць прыбіральшчыкам ці на падсобнай гаспадарцы. Гэта мой першы вопыт самастойнай працы. Работы не баюся, сам з вёскі, даводзіцца часта дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Вырашыў летам не толькі адпачываць. Добра мець уласныя грошы, заробленыя самім.
Сафія Клімовіч, васьмікласніца СШ № 2:
– Дзякуй арганізатарам за такую магчымасць. Вельмі зручна, што не трэба самастойна шукаць працоўнае месца. Добра падумала, куды працаўладкавацца летам. Выбрала ААТ «Шлях новы». Пагаварыла з прадстаўніком гэтай арганізацыі, спадзяюся, у мяне ўсё атрымаецца. Спачатку папрацую, а потым паеду адпачываць у лагер «Чайка».
Юлія ДАБРАВОЛЬСКАЯ, спецыяліст па кадрах ААТ «Нача»:
– На вёсцы рабочыя рукі заўжды не лішнія. Наша гаспадарка не першы год прымае на часовую працу школьнікаў і агракаляджан. Напрыклад, у сёлетнім красавіку працавалі 18 юнакоў і дзяў-
чат. Акрамя школьнікаў, якіх плануем задзейнічаць на зернетаку, прымем у свае рады і будаўнічы атрад у колькасці 20 чалавек з аграрнага каледжа. Сёння запісаліся тры чалавекі – усе нашы, начаўскія. Лізавета Купрыш працавала ў мінулыя гады, а вось для васьмікласнікаў Начаўскай СШ Ягора Базыльчыка і Арыны Барташэвіч гэта будзе першая самастойная праца.

Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА-МАСЛОЎСКАЙ.