Прыплылі да перамогі. Ляхавіччына паспрабавала свае сілы ў спартыўных гульнях

Прыгожыя і гасцінныя Пружаны сталі кропкай, куды на мінулым тыдні спяшаліся самыя спартыўныя працаўнікі аграпрамысловага комплексу Брэстчыны. 15 мая тут прайшлі IV абласныя сельскія спартыўныя гульні сярод работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Брэстчыны.

Каманды з усіх раёнаў заявіліся на ўдзел, каб даведацца, хто самы моцны, спрытны і хуткі ў перапрацоўчай прамысловасці і будаўнічай сферы АПК. Больш за 600 удзельнікаў спаборнічалі ў розных камандных і індывідуальных заліках. Ляхавіччына таксама паспрабавала свае сілы ў спартыўных гульнях.
Арганізатарамі стартаў сталі Брэсцкая абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК і ўпраўленне па спорце і турызме аблвыканкама.
Каляровая гама гульняў – самая патрыятычная – чырвона-зялёная, гасцей і ўдзельнікаў стартаў віталі па-беларуску – з песняй і караваем.
Старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч вітаў спартсменаў і пажадаў паказаць такія ж высокія вынікі ў спорце, як і на прафесійнай ніве, ставіць рэкорды і не спыняцца.
У праграме сельскіх гульняў было заяўлена дзевяць відаў спорту: валейбол, міні-футбол, настольны тэніс, плаванне, дартс, падняцце гіры і іншыя.
Ляхавіччына вызначылася ў плаванні. У пераможцах менеджар па лагістыцы СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Наталля Цітко. Прымайце віншаванні!
На рэспубліканскай спартакіядзе працаўнікоў АПК Брэстчыну прадставіць зборная каманда. Спартакіяда пройдзе ў Пінску, паколькі менавіта Брэстчына – пераможца мінулагодніх сельскіх стартаў.
А каманднае золата IV абласных сельскіх спартыўных гульняў узяла каманда ААТ «Брэсцкі мясакамбінат».
Можна лічыць яшчэ адной творчай перамогай выступленне члена нашай каманды Надзеі Цямчык. Некалькі песень яна падарыла ўдзельнікам гульняў, а ў адказ атрымала гучнае «брава» і шквал авацый!
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.