З чаго пачынаецца Радзіма. Мінулы чацвер у некаторых працоўных калектывах Ляхавіччыны стаў насычаным у інфармацыйным плане

Мінулы чацвер у некаторых працоўных калектывах раёна стаў насычаным  у інфармацыйным плане. Традыцыйна ў кожны трэці чацвер месяца праходзіць адзіны дзень інфармавання. Кіраўніцтва раёна, службаў і арганізацый на гэты раз сустрэлася з работнікамі ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», ТАА «Фермент», ТЦСАН. Разглядаліся надзвычай важныя і актуальныя для ўсяго грамадства тэмы: «Гістарычная памяць пра Вялікую Айчынную вайну як фактар фарміравання патрыятызму» і «Турыстычны патэнцыял Брэсцкай вобласці».

У фармаце адкрытага дыялогу адбылася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза з педагогамі і работнікамі СШ № 1.
Кіраўнік раёна адзначыў, наколькі важна патрыятычнае выхаванне ў сённяшніх рэаліях. А педагогі знаходзяцца на пярэднім плане – як настаўнікі, як выхавальнікі, старэйшыя сябры і дарадчыкі. У многім ад іх кампетэнтнасці, прафесіяналізму залежыць, што будзе закла-
дзена ў дзіцячых душах і сэрцах, якую аб’ектыўную інфармацыю яны атрымаюць. Асабліва ўсё гэта актуальна цяпер, калі на Захадзе перапісваюць гісторыю, імкнуцца сцерці з памяці сваіх народаў праўду пра Другую сусветную вайну, абясцэніць велізарную ролю народаў Савецкага Саюза ў перамозе над фашызмам. Пакуль у суседніх краінах зносяць помнікі савецкім салдатам-вызваліцелям, у Беларусі патрыятычнаму выхаванню – увага асаблівая. Справа гонару – наведаць абноўлены мемарыяльны комплекс «Хатынь», зноў і зноў пабываць у Брэсцкай крэпасці, пакланіцца героям-вызваліцелям за іх подзвіг.
– Нам, пакаленням, якія жывуць пад мірным небам
у суверэннай краіне, трэба ведаць і помніць пра гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, перадаваць нашчадкам памяць. Што-
дня нагадваць, як важна берагчы мір, заваяваны дзядамі і прадзедамі цаной мільёнаў чалавечых жыццяў. Вялікая Айчынная была ў лёсе кожнай беларускай сям’і, – падкрэсліў Мікалай Мароз.
Ён адзначыў, што наша краіна ведае, колькі бед, няшчасця і слёз прыносіць вайна. Таму Беларусь нязменна пацвярджае свой статус міралюбівай дзяржавы, якая ніколі першай
не распачне ваенныя дзеянні супраць іншай краіны, але заўжды гатова даць надзейны адпор таму, хто будзе рабіць замахі на суверэнітэт Беларусі.
Работнікі СШ № 1 аказаліся не толькі ўважлівымі слухачамі, але і вялі актыўны дыялог на тэму патрыятычнага выхавання.
Размова перайшла і на другое пытанне, што было ў плане работы ІПГ, – турыстычны патэнцыял Брэстчыны і Ляхавіччыны.
Галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука расказала пра асноўныя аб’екты і маршруты, якія могуць зацікавіць не толькі суайчыннікаў, але і замежных гасцей, для якіх Брэсцкая вобласць становіцца ўсё больш прывабнай і цікавай.
Педагогі пацікавіліся турыстычным заўтра палацава-паркавага ансамбля «Грушаўка», а таксама лёсам парка «Савейкі». Уздымаліся і іншыя пытанні.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.