Вярнуць расходы? Звярніцеся ў «Адно акно»

Усяго 10 мінут – і прынята заява жыхаркі вёскі Вялікая Лотва на ўключэнне яе ў спісы грамадзян, якія жадаюць правесці рэканструкцыю ўласнага дома для правядзення ў ім электраацяплення. Гэта паслуга – адна з многіх,  што ажыццяўляецца спецыялістамі службы «Адно акно», якая дзейнічае ў райвыканкаме.

– Апошнім часам адным з самых папулярных запытаў, з якім да нас звяртаюцца жыхары раёна, з’яўляецца адміністрацыйная працэдура «Уключэнне ў спісы на кампенсаванне часткі расходаў на выкананне работ па электразабеспячэнні аднакватэрных (блакіраваных) жылых дамоў, жылых памяшканняў у блакіраваных жылых дамах». Калі летась па гэтай прычыне звярнуліся 97 грамадзян, то сёлета за чатыры месяцы – 36. Наша задача – не толькі прыняць неабходны пакет дакументаў, але і растлумачыць, адказаць на ўзніклыя пытанні, – адзначае галоўны спецыяліст сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Юлія Кунцэвіч.
Указ № 127 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2020 г. «Аб кампенсаванні расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду» прыняты ў мэтах стымулявання грамадзян да пераводу індывідуальных жылых дамоў на выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення, падачы гарачай вады, прыгатавання ежы, а таксама павышэння камфорту пражывання. І тычыцца гэта ў першую чаргу сельскіх населеных пунктаў, дзе адсутнічаюць прыродны газ і цэнтралізаваная падача ацяплення. Згодна з указам, прадугледжана вяртанне грамадзянам з мясцовага бюджэту часткі сродкаў, выдаткаваных на выкананне работ па электразабеспячэнні. Да гэтых работ адносяцца: праектаванне, будаўніцтва адгалінаванняў ад ліній электраперадачы да ўводу ў жылы дом, набыццё электраабсталявання і матэрыялаў (электраканвектар, электракацёл, электраводанагравальнік, электрапліта і іншае).
Улічваючы запатрабаванасць такой працэдуры, раскажам пра алгарытм дзеянняў уласніка, які пажадаў мець у сваім доме электраацяпленне.
– У першую чаргу, грамадзянін прыносіць заяву адпаведнага ўзору на ўключэнне ў спісы на кампенсаванне часткі расходаў на выкананне работ па электразабеспячэнні. Абавязкова неабходны пакет дакументаў (пашпарт ці іншы дакумент, што сведчыць асобу, дакумент на права ўласнасці на жылы дом, даведку ААТ «ААБ Беларусбанк», якая пацвярджае неатрыманне льготнага крэдыту на газіфікацыю). З пералікам дакументаў можна азнаёміцца рознымі спосабамі: непасрэдна ў «Адным акне», на сайце райвыканкама, у даведачна-інфармацыйнай службе па адзіным тэлефонным нумары 142. Яшчэ адна немалаважная дэталь: да падачы пакета дакументаў у райвыканкам заяўнік павінен атрымаць ад мясцовага выканаўчага органа дазвол на рэканструкцыю жылога памяшкання, тэхнічныя ўмовы на яго інжынернае забеспячэнне, – удакладняе спецыяліст службы «Адно акно» Алена Леснік.
Пасля таго, як райвыканкам прымае станоўчае рашэнне, і грамадзянін уключаецца ў спіс на кампенсацыю расходаў, ён можа пачынаць неабходныя работы.
– На частковае кампенсаванне расходаў грамадзянін можа разлічваць толькі пасля завяршэння ім работ па электразабеспячэнні. Для розных катэгорый грамадзян прадугледжаны розныя памеры вяртання патрачаных сродкаў. Малазабяспечаныя і іншыя сацыяльна неабароненыя катэгорыі маюць права на вяртанне 40 працэнтаў сродкаў, але не больш за 80 базавых велічынь, устаноўленых на дату прыняцця рашэння аб вяртанні часткі расходаў. Іншыя грамадзяне могуць разлічваць на 20 працэнтаў ад кошту выкананых работ, але не больш за 40 БВ. Абавязковая ўмова – наяўнасць акта прыёмкі аб’екта ў эксплуатацыю, што пацвярджае завяршэнне работ па электразабес-
пячэнні, – тлумачыць Юлія Кунцэвіч.
Работы па электразабеспячэнні завершаны, акт аб прыняцці ў эксплуатацыю аформлены. Што далей?
– Пасля завяршэння работ грамадзянін прадастаўляе ў райвыканкам у межах адміністрацыйнай працэдуры «Прыняцце рашэння аб кампенсаванні часткі расходаў на выкананне работ па электразабеспячэнні аднакватэрных жылых дамоў, жылых памяшканняў» наступны пакет: заяву, акт выкананых работ па дагаворы са спецыялізаванай арганізацыяй, дакументы, якія пацвярджаюць набыццё электраэнергетычнага абсталявання і матэрыялаў, звесткі пра рэквізіты бягучага банкаўскага рахунка, адкрытага на імя грамадзяніна ў Беларусі, пра даходы кожнага члена сям’і за апошнія 12 месяцаў, што папярэднічаюць месяцу звароту, копію працоўнай кніжкі (пры яе наяўнасці), пенсійнае пасведчанне – для непрацуючых пенсіянераў, пасведчанне інваліда, дзіцяці-інваліда, мнагадзетнай сям’і – пры наяўнасці. Непасрэдна сума вяртання расходаў пералічваецца райвыканкамам на бягучы банкаўскі рахунак грамадзяніна на працягу пяці банкаўскіх дзён з дня прыняцця рашэння аб вяртанні сродкаў. Менавіта па данай працэдуры ў наша «Адно акно» сёлета звярнуліся 19 землякоў, у мінулым
годзе – 94, – падкрэслівае Алена Леснік.

Для ведама насельніцтва: прыём дакументаў у Ляхавіцкім райвыканкаме ажыццяўляецца службай «Адно акно» па адрасе: горад Ляхавічы, плошча Леніна, 3. Распарадак наступны: у рабочыя дні з 8 да 17 гадзін, а ў сераду – да 20 гадзін без перапынку на абед. Усё для зручнасці наведвальнікаў. Таксама спецыялісты «Аднаго акна» праводзяць кансультаванне па тэлефонах: 6-09-59, 142.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.