Бургер і тарталеткі заказвалі? У якіх школах Ляхавіччыны стартуе рэспубліканскі пілотны праект па арганізацыі харчавання

Фото https://pixabay.com

З новага навучальнага года ў гімназіі, СШ № 1 і Востраўскай школе стартуе рэспубліканскі пілотны праект па арганізацыі харчавання «Новае меню», ініцыяваны Міністэрствам адукацыі.

– Эксперыментальны праект рэалізуецца з мэтай удасканалення сістэмы школьнага харчавання, апрабацыі ва ўстановах адукацыі новых тэхналогій і прынцыпаў арганізацыі харчавання. Распрацаваны тэхналагічныя карты, праводзіцца анкетаванне навучэнцаў на прадмет вызначэння іх густавых прыярытэтаў і гэтак далей, – уводзіць у курс справы начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.
Чым стравы з новага меню адрозніваюцца ад іншых? Па-першае, улічаны смакавыя перавагі рабят з захаваннем усіх прынцыпаў збалансаванага харчавання. У дзіцячым харчаванні з’явяцца новыя пазіцыі: курыныя нагетсы, аладкі і рызота, біточак «Экзотык» (у складзе курыца, ананас, сыр), сырныя палачкі, рызота з курыцай, пельмені са смятанай, біточак рыбны «Крабік», ватрушка «Мармеладка», бургер, тарталеткі, іншае. Для гэтага будзе набыта больш тэхналагічнае абсталяванне. У СШ № 1
1 чэрвеня пачнецца капітальны рамонт харчаблоку, які ўключае, у тым ліку, замену халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання, рамонт усіх цэхаў і г. д. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана 661 тысяча рублёў.
Дарэчы, бягучы рамонт да пачатку навучальнага года пройдзе практычна ва ўсіх харчаблоках устаноў адукацыі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.