Лепшы майстар – з Ляхавічаў

У абласным конкурсе прафесійнага майстэрства, які сабраў каманды падраздзяленняў унітарнага аб’яднання «Брэстаблгаз», гучала і прозвішча з Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння.

У намінацыі «лепшы майстар» пераможцам прызнаны Станіслаў Шчука – старшы майстар службы эксплуатацыі вытворчага ўпраўлення «Баранавічыгаз», філіялам якога з’яўляецца мясцовы раён газазабеспячэння. Зборная каманда пад яго кіраўніцтвам заваявала дыплом III ступені ў конкурсе прафесійнага майстэрства на званне «Лепшая брыгада па тэхабслугоўванні ГРП, ШРП».
Каб узняцца на высокія прыступкі вытворчага п’едэстала, удзельнікам спаборніцтваў давялося пераадолець некалькі этапаў: тэарэтычны, агляд аснашчэння брыгады і практычны, дзе патрабавалася выканаць тэхнічнае абслугоўванне газарэгулятарных пунктаў.
Для нашага земляка Станіслава Шчукі заданні ўскладняліся тым, што працаваць давялося на чужой тэрыторыі і не са сваімі падначаленымі. Але прафесійнае майстэрства пацверджана важкімі вынікамі.
У газавай галіне Станіслаў Вацлававіч амаль 28 гадоў, з якіх больш за дзесяцігоддзе займаў пасаду майстра, а зараз ён старшы майстар участка эксплуатацыі Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння. Падкрэслівае, што конкурс стаў своеасаблівым экзаменам на прафпрыгоднасць, дзе сваю ролю адыграў вопыт, уменне аператыўна і зладжана дзейнічаць. Старшы майстар адзначае, што вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамагаў, зацікаўлена займаўся падтрыхтоўкай каманды і верыў у перамогу. Сярод іх і начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Аляксандр Кунцэвіч.
– Станіслаў Вацлававіч – спецыяліст адказны і аўтарытэтны. Газавая галіна патрабуе пастаяннага самаўдасканалення, узважанага і ўпэўненага прыняцця тэхнічных рашэнняў, веданне многіх заканадаўчых пунктаў, якія забяспечваюць бяспеку насельніцтва. Усё гэта ўласціва Станіславу Шчуку, – падкрэслівае Аляксандр Кунцэвіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.