У Ляхавіцкім раёне пражывае 3 545 дзяцей. Што для нас дзеці, разважаюць жанчыны

У Беларусі дзеці складаюць адну пятую частку,або 20 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у краіне пражывае 1 827 758 дзяцей, пры гэтым хлопчыкаў больш, чым дзяўчынак: 937 365 і 890 393 адпаведна.
У Ляхавіцкім раёне пражывае 3 545 дзяцей ва ўзросце ад нараджэння да 14 гадоў. Сярод юных землякоў – 1 760 хлопчыкаў і 1 785 дзяўчынак.

МЕРКАВАННІ

Людміла ЖАЛНЕРЧЫК, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
– Дзеці – наша ўсё! І свята, якое адзначаем 1 чэрвеня, – нагода чарговы раз падкрэсліць, што будучыня залежыць ад падрас-
таючага пакалення. Да дзяцей у мяне вельмі цёплыя, пяшчотныя і трапяткія адносіны. І не толькі таму, што я мнагадзетная маці і бабуля. У мяне шэсць унукаў! Але і таму, што кожнае дзіця мае права на любоў, клопат і ўвагу дарослых.
У нашай краіне ахова дзяцінства – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці дзяржавы, працуе і шмат адпаведных праграм. Часта сустракаюся з дзецьмі, наведваю дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў у Баранавіцкім раёне. Усе дзеці для нас любімыя і галоўныя, яны павінны быць шчаслівымі, займацца справай па душы, развіваць свае здольнасці, марыць.
Задача дарослых – абараняць дзяцінства, рабіць усё магчымае, каб вочы хлопчыкаў і дзяўчынак ззялі ад радасці. Галоўнае – быць, а не здавацца, дзейнічаць, як падкажа сэрца.

Вольга ЛОЙКА, старшыня пярвічнай арганізацыі фінансавага аддзела райвыканкама РА ГА «Беларускі саюз жанчын»:
– Мы, беларусы, шчырыя, добразычлівыя людзі. Кожная
жанчына па прыродзе абавяз-кова прыйдзе на дапамогу тым, каму яна патрэбна, асабліва дзецям. Як вядома, чужых дзяцей не бывае. Таму члены нашай пярвічкі (дзевяць жанчын, якія працуюць у фінансавым аддзеле райвыканкама) з радасцю адгукнуліся на прапанову старшыні раённай арганізацыі БСЖ Вольгі Бурак далучыцца да дабрачыннай акцыі «Жанчыны Беларусі – дзецям, пацярпелым ад ваенных дзеянняў». Акцыю ініцыяваў Дабрачынны фонд імя Аляксея Талая і грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын». Разам з іншымі пярвічкамі БСЖ з Ляхавіцкага раёна мы сабралі сродкі, на якія былі закуплены салодкія падарункі, прадукты харчавання, сродкі гігіены, дзіцячая бялізна і медыкаменты для дзяцей з Данбаса, якія знаходзіліся на аздараўленні ў Беларусі. Па магчымасці дапамагаем і маленькім землякам. Мае калегі – актыўныя ўдзельніцы дабрачынных акцый. Прыемна бачыць, як радуюцца дзеткі падарункам, як зіхацяць шчасцем іх вочы. Тады хочацца зноў і зноў станавіцца добрым чараўніком.