Вас выклікае дэбют! Педагагічны. У Ляхавічах выбралі лепшага маладога спецыяліста

Маладыя спецыялісты другога года работы з Тухавіцкай, Навасёлкаўскай СШ, гімназіі, СШ № 2, дзіцячага сада № 4 прынялі ўдзел у раённым конкурсе «Педагагічны дэбют».

– Для маладых спецыялістаў конкурс становіцца своеасаблівым падвядзеннем вынікаў двухгадовай дзейнасці. Для Ляхавіччыны такое прафспаборніцтва – добрая традыцыя, падчас якой можна заўважыць актыўных, зацікаўленых і творчых педагогаў, – дзеліцца метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Бецька.
На завочны этап сем канкурсантаў прадаставілі план-канспект вучэбнага занятку, партфоліа, характарыстыку, справаздачу аб сумеснай дзейнасці маладога спецыяліста з замацаваным за ім настаўнікам.
У фінале ў  конкурсным выпрабаванні «Настаўнік + малады педагог = каманда» журы ацэньвала арыгінальнасць і крэатыўнасць прафесійнага дуэта, артыстызм, эмацыянальнасць, педагагічны імідж і г. д. Рашэнне педагагічных сітуацый раскрыла эрудыцыю маладога настаўніка, яго здольнасць да імправізацыі, творчасці і г. д.
Званне пераможцы ў намінацыі «Лепшы малады педагагічны работнік – 2023»
заваявала настаўніца біялогіі і хіміі СШ № 2 Анастасія Кулеш. Лепшым настаўнікам маладога педагагічнага работніка прызнана выхавальнік да-школьнай адукацыі дзіцячага сада № 4 Наталля Дайняк. Ім – шчырыя віншаванні ад гасцей конкурсу, сярод якіх і старшыня галіновага прафсаюза Людміла Буцько. Заслужаныя ўзнагароды – дыпломы ад аддзела па адукацыі райвыканкама і каштоўныя падарункі, падрыхтаваныя аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Асобна пра пераможцаў. Наталля Дайняк у прафесіі тры дзесяцігоддзі. Загадчыца дзіцячага сада № 4 Ларыса Бобер пра сваю калегу гаворыць як пра кампетэнтнага, нераўнадушнага, творчага, ініцыятыўнага педагога, які бязмежна любіць дзяцей, і яны з радасцю штодзень спяшаюцца да яе ў групу. Яна ўмее знайсці кантакт з бацькамі і аб’яднаць іх дзеля інтарэсаў рабят. Два гады Наталля Дайняк была настаўнікам для маладой калегі Таццяны Крыкала.
Малады спецыяліст Анастасія Кулеш пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна размеркавалася ў Навасёлкаўскую СШ. Другі год яе педпрацы пачаўся ў СШ № 2.
– Мне пашанцавала, у дзвюх школах мяне падтрымлівалі, суправаджалі, накіроўвалі сапраўдныя прафесіяналы, цудоўныя калегі, за што ўсім вельмі ўдзячна. У такіх калектывах хочацца працаваць і далей, удасканальваць свой узровень і проста быць разам. У Навасёлках маім настаўнікам была Жанна Яраславаўна Несцяровіч, зараз у СШ № 2 – Таццяна Леанідаўна Місюк. З такімі прафесіяналамі ўсе вяршыні дасягальныя! – адзначае малады спецыяліст.
Намеснік дырэктара СШ № 2 Таццяна Доруш характарызуе Анастасію як педагога, які верыць у сілы кожнага вучня:
– Спрабуе і ўкараняе, вучыць і вучыцца. І, галоўнае, мае аўтарытэт сярод сваіх навучэнцаў.
Сёлета Анастасія Кулеш, як настаўніца біялогіі і хіміі, вялікае значэнне надае нагляднаму ўспрыманню навучэнцамі тэмы прадметаў, інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям, практыка-арыентаванаму навучанню і г. д. Для гэтага ў школе маюцца ўсе ўмовы і неабходнае абсталяванне, сярод якіх і мульціборды, і тэлевізары.
– Люблю сваю прафесію, дзяцей. Хачу, каб яны добра ведалі біялогію і хімію, выкарыстоўвалі іх у паўсядзён-ным жыцці, – падкрэслівае Анастасія. І дадае, што на творчым конкурсе ў выпрабаванні былі задзейнічаны таленавітыя васьмікласнікі Дзіяна Кудзялевіч і Арцём Свінабурка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.