Святлафору тут месца! Ці патрэбен святлафор недалёка ад ляхавіцкай гімназіі

Месца ў некалькіх дзясятках метраў ад гімназіі ў нашым райцэнтры даўно мае славу неспакойнага і небяспечнага. Нічога дзіўнага няма. На гэтым участку дарогі актыўны рух: праходзіць дарога з Ляхавіч на Баранавічы, а таксама ў бок Брэст-Маскоўскай шашы. Побач – гімназія. Раніцай і ўвечары тут часта можна бачыць аўтамабільную пробку: хто з Баранавіч едзе, хто з Ляхавіч, школьнікаў падвозяць у школу, ляхавічане едуць на работу.

Аналізуючы сітуацыю, на гэтым участку нялішнім быў бы святлафор. Гэту тэму неаднойчы ўздымаюць і гараджане, у тым ліку тэлефануюць і ў рэдакцыю раёнкі, пішуць у месанджарах і сацыяльных сетках. Напэўна, электрычны вартавы парадку мог бы папярэдзіць не адзін няшчасны выпадак і стаў бы добрым дапаўненнем да пешаходнага перахода і «ляжачых паліцэйскіх».
За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся да намесніка старшыні райвыканкама Аляксея Галяка, які з’яўляецца старшынёй раённай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху:
Праблему ведаем і не пакінулі яе без увагі. Распрацаваны праект на ўстаноўку на гэтым месцы святлафора. Як толькі з’явіцца крыніца для фінансавання, будзем займацца ўстаноўкай аб’екта. Заўжды на асаблівым кантролі – дзіцячая бяспека. Каля ўстаноў адукацыі наносіцца і пастаянна абнаўляецца дарожная разметка, устаноўлены адпаведныя знакі дарожнага руху.
Начальнік АДАІ РАУС Яўгеній Вайшэвіч звярнуў увагу на той факт, што пасля ўстаноўкі святлафор будзе працаваць у гадзіну пік – раніцай з 7 да 9 гадзін, вечарам з 16 да 18 гадзін. Менавіта ў гэты час тут найбольш інтэнсіўны рух аўтатранспарту. У астатні час на святлафоры будзе гарэць выключна аранжавы колер, а згодна з правіламі дарожнага руху пераходзіць дарогу пешаходы павінны па «зебры», аўто – рухацца адпаведна патрабаванням ПДР.