Паважаныя ляхавічане, менш як праз месяц разам з вамі мы будзем святкаваць дзень нараджэння любімага горада! Разам зробім Ляхавічы лепшым горадам

Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз:

Паважаныя ляхавічане, менш як праз месяц разам з вамі мы будзем святкаваць дзень нараджэння любімага горада!

Ляхавічы адзначаць 531-ю гадавіну. Прыемна бачыць свой родны куток чыстым, прывабным і ўтульным. З 5 па 30 чэрвеня ў горадзе аб’яўлены месячнік па прыбіранні, добраўпарадкаванні і азеляненні двароў, плошчаў, вуліц, сквераў, паркаў, зоны адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. Запрашаю не заставацца раўнадушнымі ў такой патрэбнай справе і далучыцца да марафону чысціні ўсім працоўным калектывам арганізацый і прадпрыемстваў раёна, устаноў Ляхавіччыны, нераўнадушным землякам. У Год міру і стварэння нашы справы пацвярджаюць імкненне беларусаў жыць у сапраўдным міры, у квітнеючай краіне, дзе на вуліцах пануе спакой і шчасце.
Вы ўжо заўважылі, як мяняецца наш райцэнтр. Камунальнікі штодзень напаўняюць рознымі колерамі клубмы, з арыгінальнасцю падыходзяць да афармлення гарадскога інтэр’ера, колькі ўжо метраў уладкавана пешаходных дарожак, каб землякам было зручна. Малыя архітэктурныя формы з’яўляюцца ў розных кутках горада. І гэта толькі пачатак! Ляхавічы павінны азеляняцца і расцвітаць , да гэтага будзем імкнуцца. Сканцэнтруем свае сілы і на зоне адпачынку. Хочацца, каб летні адпачынак быў як мага больш у прывабных умовах.
Сёння станоўчы прыклад добраўпарадкавання паказваюць многія прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы раёна. Ёсць тыя, каму яшчэ належыць прыкласці намаганні, каб прыгажосць пасялілася і вакол іх. Гэта не складана, калі па-сапраўднаму любіць свой край. У беларусаў гэтага не адняць.
Мы заўжды рабілі ўсё разам. Еднасць – тое, што выручала нас у самых розных жыццёвых абставінах. І ў такіх справах нам варта трымацца разам! Давайце зробім наш горад самым лепшым.