Наш адпачынак пачынаецца ў чэрвені. Які ён?

Вяселлем напоўнілася Ляхавіцкая СДЮШАР. Менавіта тут стартаваў летні адпачынак для юных ляхавічан. 110 рабят, якія займаюцца на розных аддзяленнях, прадоўжаць трэніроўкі і будуць з інтарэсам бавіць вольны час у спартыўна-аздараўленчым летніку з дзённым знаходжаннем «Каласок».

На 8 гадзін раніцы аб’яўлены лагерны збор. Праз гадзіну –
сняданак (харчуюцца сёлета рабяты ў рэстаране «Ластаўка»), потым з 10 да 12 гадзін – ву-чэбна-трэніровачныя заняткі, якія праводзяць трэнеры-выкладчыкі СДЮШАР, яны ж і выхавальнікі. Кожны з чатырох атрадаў трэніруецца па профільным відзе спорту –
гандболе, футболе, лёгкай атлетыцы, дзюдо. Час ляціць неўпрыкметку, і вось настала пара абеду. Не менш змястоўна праходзіць і пасляабедзенны час – гульні, конкурсы, падарожжы, сустрэчы. У раскладзе і падвячорак. І толькі пасля 15 гадзін рабяты адпраўляюцца па дамах.
– Тут захапляльна. Умовы створаны выдатныя. Дзяцей многа, таму ім весела, тым больш усе ведаюць адзін аднаго. Праграму змены складалі так, каб кожнаму знайшоўся занятак па душы. Акрамя таго, лагер – выдатная магчымасць прадоўжыць трэніроўкі, бо ўсе дзеці – нашы выхаванцы. Запланаваны наведванні музея працоўнай і баявой славы ў СШ № 2, экскурсія ў баранавіцкі музей чыгункі, велатур у Грушаўку і іншыя мерапрыемствы, – дзеліцца планамі начальнік лагера «Каласок» Валянціна Ганчар. Першая змена «Каласка» да 21 чэрвеня. Наступны раз СДЮШАР адчыніць дзверы для 50 летнікаўцаў з 7 па 26 жніўня.
Мінулы панядзелак даў адлік работы прышкольных аздараўленчых лагераў, якія сёлета працуюць у дзве змены.
– Лагеры адпачынку з дзённым знаходжаннем працуюць ва ўсіх школах раёна, акрамя Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча і СШ № 1, а таксама ў ЦКРНіР. У гімназіі і ЦКРНіР рабят прымуць падчас другой змены ў ліпені. Астатнія летнікі распачалі работу: з 5 чэрвеня па 24 чэрвеня абяцаюць юным жыхарам Ляхавіччыны насычаную праграму. Нашы педагогі таленавітыя і ўмеюць зацікавіць дзяцей. Асаблівая ўвага звяртаецца на харчаванне, якое, заспакою бацькоў, якаснае і карыснае, – расказвае метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Васілеўская.
Самы населены летнік – «Вясёлка» ў СШ № 2 (96 школьнікаў). Сярод сельскіх школ найбольш дзяцей на адпачынак прыняла Начаўская СШ (32 дзіцяці), у Дараўскай СШ – 28, Конькаўскай, Малагарадзішчанскай, Востраўскай, Тухавіцкай СШ, Падлескай БШ – па 20, Навасёлкаўскай і Ліпскай СШ – па 18, Крывошынскай СШ – 15 адпачывальнікаў.
Першую змену адкрыў аздараўленчы лагер «Чайка». 5 чэрвеня адбыўся
заезд адпачывальнікаў: хлопчыкі і дзяўчынкі сталі першапраходцамі ў аздараўленчым сезоне – 2023.
Канешне, многіх цікавіць кошт пуцёўкі. Па-ранейшаму дзяржава бярэ на сябе асноўныя расходы па арганізацыі адпачынку маленькіх грамадзян Беларусі. Тычыцца гэта і пуцёвак. Пуцёўка ў «Чайку» на 18 дзён для дзіцяці ва ўзросце ад 11 да 13 гадоў каштуе 547 рублёў, бацькі аплачваюць 60 рублёў, 264 рублі – дзяржаўныя датацыі, 223 рублі – даплата арганізацыі, дзе працуюць бацькі дзіцяці.
Галіна КАНЬКО.

Першыя ўражанні дзяцей, якія адпачываюць у «Каласку»:
Сяргей ГАЛІЦКІ, 12 гадоў:
– У гэтым лагеры не першы раз, і заўсёды мне тут супер. Займаюся дзюдо ў трэнера-выкладчыка Віктара
Богуша. Летам таксама трэніруюся. У лагеры весела кожны дзень. Смачна кормяць, прычым у рэстаране. Параю тым, хто ні разу не быў у «Каласку», абавязкова запісацца на наступную змену.

Ульяна ПЯТРОЎСКАЯ, 13 гадоў:
– «Каласок» – гэта здорава, выдатна, клёва. Займаюся дзюдо з 10 гадоў і кожнае лета адпачываю і трэніруюся тут. Выдатныя выхавальнікі, апетытныя абеды, нешта новае адбываецца кожны дзень. У лагеры весялей, чым дома, побач столькі сяброў. Мы ўжо ўдзельнічалі ў «Вясёлых стартах», гулялі ў лапту, пабывалі «У гасцях у казкі».