Феерыя шчырасці. Як у Ляхавічах адзначалі Дзень абароны дзяцей

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

4 чэрвеня плошча Леніна ў райцэнтры нагадвала тэрыторыю дзяцінства – столькі тут сабралася хлопчыкаў і дзяўчынак на свята «Галоўнае на свеце – гэта нашы дзеці». Яго арганізатары – Ляхавіцкі ГДК і метадычны цэнтр культурна-асветніцкай работы раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Юныя таленты Ляхавіччыны з розных устаноў адукацыі і культуры раёна спявалі, танцавалі, расказвалі вершы, дэфіліравалі ў модных сукенках і г. д. Кожнае выступленне юных артыстаў гледачы ацэньвалі дружнымі апладысментамі. На памяць пра свята, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей, засталіся шматлікія фота- і відэакадры.
Яўгенія Лук’янчык, Яўгенія Райко, Вераніка Рубанава з вакальнага ансамбля «Ілюзія» з гімназіі расказалі карэспандэнту «ЛВ», што ўдзел у свяце для іх – радасная і шчаслівая падзея, магчымасць выступіць на вялікай сцэне, у тым ліку, перад бацькамі і сябрамі. Дзяўчынкі выканалі песню «З добрай раніцай».
Райкам БРСМ у гэты дзень правёў акцыю «Выберы студатрад», падчас якой навучэнцы запаўнялі анкеты для летняга працаўладкавання.
Для дзяцей валанцёры раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа арганізавалі акцыю «Бяспечнае лета», падчас якой праводзілі прафілактычную гутарку, дарылі рабятам прыемныя сюрпрызы і раздавалі пітную ваду.


У першы дзень лета ЦДАДіМ запрасіў навучэнцаў на святочны канцэрт. Старшыня раённай арганізацыі Жанна Лешык, спецыялісты ТЦСАН, «сярэбраныя» валанцёры віншавалі і ўручалі падарункі сем’ям, якія выхоўваюць дзетак-інвалідаў. Райкам БРСМ сумесна з РАНС, аддзелам па адукацыі, СПЦ і іншымі для хлопчыкаў і дзяўчынак з двух дзіцячых дамоў сямейнага тыпу арганізаваў цудоўнае свята. Ад Чырвонага Крыжа рабятам – спартыўны інвентар, а выратавальнікі пазнаёмілі іх са спецтэхнікай. Дзеці з задавальненнем пасядзелі ўнутры машыны, апранулі амуніцыю і адказвалі на цікавыя заданні па тэме бяспекі жыццядзейнасці. Галоўны бухгалтар райкама БРСМ Ганна Вількоўская правяла майстар-клас па роспісе гіпсавых фігур. Свае падарункі рабятам з цяжкім лёсам падрыхтаваў і Ляхавіцкі кансервавы завод.
Галоўнае на свеце – гэта нашы дзеці і яны павінны ўмець радавацца і марыць. І ў сілах дарослых зрабіць дзяцінства шчаслівым.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.