Сертыфікаты поспеху. Як атрымаць сертыфікат з 96 баламі і вышэй, дзеляцца выпускнікі ўстаноў адукацыі Ляхавіцкага раёна

Сучасная сістэма адукацыі дае шанц кожнаму выпускніку падрыхтавацца да паступлення на высокім узроўні. Сёлетнія змяненні ва ўступнай кампаніі прымусілі адзінаццацікласнікаў пахвалявацца. Але два цэнтралізаваныя экзамены здадзены, і на руках у выпускнікоў ужо адпаведныя сертыфікаты.

У асноўным выпускнікі пацвердзілі свае гадавыя адзнакі. У тым ліку, высокія вынікі паказалі ўсе медалісты, расказала намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік. ЦЭ здавалі 150 выпускнікоў з Ляхавіцкага раёна.
Максімум – 100 балаў – па беларускай мове атрымала выпускніца СШ № 2 Арына Харке. Сертыфікат з 90 баламі і вышэй у васьмярых нашых землякоў. Усяго ў скарбонцы выпускнікоў Ляхавіччыны 39 вынікаў ад 80 балаў і вышэй.
Сёння «ЛВ» прадстаўляе ўвазе чытачоў прозвішчы выпускнікоў, якія атрымалі на ЦЭ сертыфікаты з балам 96 і вышэй. Яны дзеляцца сакрэтамі свайго поспеху.

Навучэнка СШ № 2 Арына Харке – безумоўны лідар сярод ляхавіцкіх выпускнікоў – стабальніца і медалістка.
– У максімальны бал верыла і марыла. Беларускую мову люблю, і яе вывучэнне ў мяне не выклікала цяжкасцяў, – адзначае Арына.


Школьны прадмет апошнія два гады ў дзяўчыны вяла Ганна Еўхач, якая шмат увагі надавала экзаменацыйнай падрыхтоўцы. На ўроках адказна разбіралі тэмы і рашалі тэсты. З вясны 2022 года Арына дадаткова працавала і з рэпетытарам.
Каб атрымаць жаданы вынік, падкрэслівае дзяўчына, трэба не проста ведаць прадмет на выдатна, але і адчуваць яго, разумець. Важна не проста вучыць правілы, а пастаянна іх замацоўваць і паўтараць. Адным з элементаў поспеху выпускніца лічыць і ўдзел у прадметных алімпіядах, дзе ў раённых этапах заваёўвала другія і трэція месцы.
Англійская мова на ЦЭ прынесла дзяўчыне 79 балаў. Да гэтага экзамену яна рыхтавалася самастойна –
шмат рашала тэстаў. Дапамагалі ўрокі замежнай мовы, якія ў школе вяла Вольга Ланкуць.
Прымала ўдзел і ў навукова-практычных канферэнцыях. Скончыла харэаграфічнае аддзяленне Ляхавіцкай ДШМ, а зараз займаецца ў ANANKO DANCE SCHOOL.
На ЦТ Арына будзе здаваць матэматыку.
Гімназісты Марыя Буйкевіч і Мікіта Дзямчук атрымалі серты-фікаты па матэматыцы з 98 баламі.

Да паступлення Марыя Буйкевіч стала рыхтавацца з верасня мінулага года. Займалася з рэпетытарам і на анлайн-курсах. З дзявятага класа прадмет вяла Таццяна Крапіневіч, і яе метады выкладання таксама паспрыялі высокаму выніку.


– Ганаруся, што пацвердзіла сваю дзясятку. Матэматыку люб-лю, яна для мяне – не толькі лічбы, –
дзеліцца Марыя, якая закончыла гімназію з залатым медалём.
Рускую мову гімназістка здала на 89 балаў. Да экзамену рыхтавалася з рэпетытарам і на факультатыве з настаўнікам Святланай Прастакевіч. Шмат увагі надавала тэстам мінулых гадоў.
Сакрэт поспеху выпускніца бачыць у добрасумленных адносінах да вучобы. Паставіла мэту і крочыла да яе. Адзінаццаты клас быў цалкам прысвечаны вучобе. На прагулкі з сяброўкамі часу амаль не заставалася. Родныя пасля атрыманых вынікаў вельмі радаваліся за сваю Машу. Зараз чакаюць ЦТ, дзе дзяўчына будзе здаваць нямецкую мову. Па ёй яна ўдзельнічала ў раённым этапе алімпіяды.

Мікіта Дзямчук дзеліцца, што калі ўбачыў у асабістым кабінеце па матэматыцы 98 балаў, эмоцыі зашкалілі. Разам з бацькам адразу стаў тэлефанаваць маме. Радасць узмоцнена была і тым, што на рэпетыцыйным тэсціраванні атрымліваў трохі менш. Да экзамену рыхтаваўся на ўроках, якія вяла Валянціна Русакевіч, а з сярэдзіны дзясятага класа – з рэпетытарам.
Вучоба даецца Мікіце лёгка, але, адзначае, рыхтавацца трэба заўсёды.
Каб атрымаць 98 балаў па матэматыцы, Мікіта раіць больш увагі надаваць тэстам.
На выбар ЦЭ па беларускай мове паўплывалі ўрокі настаўніцы Святланы Ушко. У 87 балах, лічыць, укладзена праца і настаўніка, і рэпетытара. Мікіта адзначае, што пры падрыхтоўцы па беларускай мове дзейсны просты прынцып: вывучыў правіла – і адразу, каб не забыць, трэба «праганяць» яго па тэстах, для замацавання. Перад самым экзаменам трэба добра выспацца. Сярод спадарожнікаў поспехаў юнак лічыць важным і тое, што ЦЭ здавалі ў роднай гімназіі.

Летась прозвішча тады дзесяцікласніцы СШ № 1 Вікторыі Навіцкай не раз упрыгожвала старонкі «ЛВ» – дзяўчына была ўдзельніцай беларуска-расійскага праекта «Цягнік Памяці». Сёлета ў яе чарговая перамога – 98 балаў па рускай мове і «залаты» атэстат.
Для атрымання сертыфіката з высокім вынікам выпускніцы СШ № 1 хапіла ўрокаў у школе і факультатыўных заняткаў, якія вяла Інэса Маневіч.
Ключ да поспеху – і штогадовыя перамогі ў раённых этапах алімпіяды.
– Мне вельмі падабаецца рашаць тэсты. Таму з задавальненнем аддавала гэтаму нямала часу, – адзначае Вікторыя Навіцкая.
Дастойны вынік у дзяўчыны і па хіміі. Урокі настаўніка Сяргея Абяргана выклікаюць інтарэс і павышаюць матывацыю да вывучэння прадмета.
Рэцэптам высокіх балаў Вікторыя лічыць зладжаную работу педагога і навучэнца.
– Настаўнікі даюць нам трывалыя веды. Але важна зацікаўлена вучыцца з самага пачатку, а ў старэйшых класах паўтараць пройдзеную школьную праграму. Пры такім раскладзе для падрыхтоўкі да экзаменаў хапае ўрокаў і факультатываў, – падкрэслівае выпускніца СШ № 1.


З Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча дзве выпускніцы Ксенія Раманоўская і Арына Герус атрымалі сертыфікаты з 98 і 96 баламі па беларускай мове.

Ксенія Раманоўская да паступлення пачала рыхтавацца з рэпетытарам напрыканцы 2022 года. А да гэтага на ўроках і на факультатыўных занятках разбіралі заданні разам з настаўніцай Аленай Шэшка. З чацвёртага класа дзяўчына паказвала свае веды ў прадметных алімпіядах.
Ксенія без перапынку гадзіны чатыры можа займацца вучобай. Мэтанакіраванасць і штодзённая праца ўзнагародзілі дзяўчыну і
88 баламі па біялогіі. Акрамя рэпетытара, дапамагала настаўніца Галіна Бунель, якая з ахвотай заставалася і пасля ўрокаў, каб растлумачыць тэмы па біялогіі.
Высокія вынікі Ксенія лічыць і заслугай бацькоў, якія цярпліва падтрымлівалі дачку.

Для Арыны Герус не стаяла пытанне выбару мовы для здачы экзамену – адназначна беларус-кая. Яна і родная, і любімая, сцвярджае дзяўчына. А сертыфікат з96 баламі гэта пацвердзіў.
– Усё вывучыць і перарашаць шмат тэстаў. А яшчэ давяраць сваім адчуванням, крочыць да сваёй мэты сёння і зараз, ніколі не здавацца, – дзеліцца сваім рэцэптам поспеху Арына. Ён працуе і адносна матэматыкі, па якой у яе таксама высокі бал. На падыходзе ЦТ па фізіцы.
Арына рознабакова развітая асоба. Спектр яе інтарэсаў самы разнастайны: англійская мова і права. Летась перамагла ў раённай алімпіядзе па праве, мае дасягненні і ў іспытах па грамадазнаўстве. Аддае перавагу чытанню дэтэктываў і твораў японскіх аўтараў.

Няхай у кожнага выпускніка спраўдзяцца мары і чаканні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.