Дзяўчаты і футбол. У рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе удзельнічаюць і тры юныя ляхавічанкі

Міжнародная федэрацыя футбола – ФІФА – развівае футбол, міні-футбол і жаночы футбол. Апошні варыянт спартыўнай гульні па папулярнасці, балельшчыцкім інтарэсе некалькі не дацягвае да футбола ў выкананні мужчынскіх каманд. Міжнародная федэрацыя гульні робіць многае, каб максімальна падняць грамадскі і камерцыйны інтарэс да жаночага футбола.

З гэтага года ФІФА прадоўжыў праграму па падтрымцы развіцця жаночага футбола ў Рэспубліцы Беларусь. У рамках праекта праводзяцца рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяўчат-футбалістак розных узроставых катэгорый. За кошт ФІФА ажыццяўляецца забеспячэнне спаборніцтваў і каманд футбольнымі мячамі, гульнявой формай, аплачваецца праезд да месца правядзення матчаў, харчаванне і размяшчэнне, калі ў гэтым ёсць неабходнасць.
У рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяўчат, узрост якіх не перавышае 15 гадоў, удзельнічаюць і тры юныя ляхавічанкі. Варатар Алена Касцюк, абаронца Ульяна Ленкавец і ігрок лініі нападзення Валерыя Вейкніс выступаюць за каманду Івацэвіцкай ДЮСШ, у склад якой прайшлі па выніках папярэдняга адбору.
Спаборніцтвы ва ўзроставай групе U-15 сабралі каманду з розных рэгіёнаў краіны. Трыццатка дружын была падзелена на пяць роўных па колькасці ўдзельнікаў падгруп. На першым этапе спаборніцтваў камандам неабходна правесці тры кругі гульняў у сваіх падгрупах, пасля чаго лепшыя пазмагаюцца за прызы турніру.
У падгрупе, куды разам з Івацэвіцкай ДЮСШ уваходзяць дружыны «Дынама-Брэст», «Маталяначка» з населенага пункта Моталь, «Вясёлка» з горада Жыткавічы Гомельскай вобласці, ДЮСШ з горада Дзятлава Гродзенскай вобласці і ДЮСШ Пінскага раёна, прайшло ўжо шэсць-сем гульнявых этапаў. Пакуль бясспрэчным і абсалютным лідарам з’яўляецца «Дынама» з горада Брэста. Усе свае сем матчаў брастаўчанкі завяршылі пераможна. Пры гэтым было забіта 34 мячы, на што іх саперніцы змаглі адказаць толькі двойчы. Другі радок турнірнай табліцы ўтрымліваюць «нашы» – каманда ДЮСШ горада Івацэвічы. Пасля сямі праведзеных сустрэч у Івацэвічаў пяць перамог, адна нічыя і адно паражэнне. Адпаведна, 16 заліковых балаў на турнірным рахунку.

Іван КАВАЛЕНКА.