Пра разумніц і разумнікаў Ляхавіччыны

Настаўніца Людміла Раманенка і дыпламаваная гімназістка Кацярына Салодкая.

13 студзеня хлопчыкі і дзяўчынкі з гарадскіх і сельскіх школ, якія вызначыліся лепшымі вынікамі ў раённым туры, раз’ехаліся па гарадах Брэстчыны для ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Рабяты спаборнічалі ў эрудыцыі па 15 вучэбных прадметах і краязнаўстве. Тыя, хто ўжо мае вопыт у падобных іспытах, ведае, колькі яны патрабуюць намаганняў, адказнасці і сабранасці.

11-класніца гімназіі Кацярына Салодкая (настаўніца Людміла Раманенка) другі раз стала пераможцай у вобласці: у яе дыплом III ступені па рускай мове. Дарэчы, вучні Людмілы Пятроўны часта на алімпіядах у лідарах.

Адзінаццацікласнікі Тухавіцкай школы Аляксандр Хоміч і Таццяна Філіповіч (настаўніца Тамара Васько) сумесна набралі 92 балы і сталі лепшымі ў практычным туры па краязнаўстве. У іх скарбонцы дыплом I ступені і чацвёртае агульнакаманднае месца.

Адзначаны пахвальным водгукам па тэхнічнай і абслуговай працы адпаведна 9-класнік гімназіі Арцём Шпак (настаўнік Генадзій Коршун) і вучаніца 11 класа СШ № 2 Дар’я Баўтрукевіч (настаўніца Наталля Ланкуць).

– На першы погляд, вынікі не ўражваючыя. Але мы імкнёмся да ўдасканалення сістэмы, якая ўсё ж такі павінна прынесці свой плён, – дзеліцца планамі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Марыя Саракавік. – Пачынаючы з 3 класа для выяўлення юных зорачак праводзяцца раённыя алімпіяды. На базе Дараўскай СШ каторы год працуе профільны лагер “Эўрыка”, дзе рабяты паспяхова сумяшчаюць адпачынак з навучаннем. Сёлета для ўдзельнікаў трэцяга этапу былі праведзены вучэбныя зборы, псіхалагічныя трэнінгі. Некаторыя школьнікі займаліся ў вучэбных лабараторыях устаноў вышэйшай адукацыі. Напрыканцы мінулага года для падрыхтоўкі высокаматываваных вучняў па вучэбных прадметах на базе гімназіі, СШ №1 і №2 адкрыты рэсурсныя цэнтры. У гэтых  установах на працягу года па вызначаным раскладзе будуць удасканальваць свае веды старшакласнікі школ раёна па хіміі, замежнай мове, абслуговай працы. Дарэчы, графік работы цэнтра змешчаны на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. З кожным годам растуць патрабаваннi i ўзровень складанасцi алiмпiяд усiх узроўняў. Таму адной з галоўных умоў выніковасці вучнёўскіх выступленняў лічу павышэнне прафесійнай тэарэтычнай і метадычнай падрыхтоўкі педагогаў. Настаўнік таксама павінен пастаянна ўдасканальвацца, вучыцца, не спыняцца ў развiццi. Ад траістага саюза “педагог– вучань – бацькі”, яго скаардынаванасці напрамую залежыць пошук таленавітых асоб, для якіх удзел у конкурсах, спаборніцтвах стане прыступкай да развіцця здольнасцей, навучыць працаваць для дасягнення жаданага. І, спадзяюся, вынік не прымусіць сябе чакаць, – адзначае Марыя Аляксандраўна.

У раёне вялікая ўвага надаецца падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі. Стала добрай традыцыяй правядзенне раённага фестывалю “Сузор’е талентаў”, падчас якога пераможцаў інтэлектуальных і спар-тыўных паядынкаў, творчых конкурсаў узнагароджваюць, у тым ліку і грашовымі прэміямі.

Але ж фактам застаецца і тое, што значна менш юных землякоў у апошнія гады вызначаюцца на абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. Патэнцыял, бясспрэчна, ёсць. Давайце вынікі, юныя і таленавітыя.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *