У санітарным рэжыме. Дзень медыцынскіх работнікаў – прафесійнае свята і для супрацоўнікаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

Дзень медыцынскіх работнікаў – прафесійнае свята і для супрацоўнікаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У складзе калектыву – урач-гігіеніст, урач-эпідэміёлаг, іх памочнікі, фельчар-лабарант, медыцынскі статыстык і іншыя спецыялісты. У кожнага з іх свае службовыя абавязкі, але агульная задача – забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.

Прафесіяналізм супрацоўнікаў пацвярджаецца і перамогамі як на рэспубліканскім, так і абласным узроўнях. У абласным аглядзе-конкурсе па выніках дзейнасці тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі за 2022 год Ляхавіцкі райЦГіЭ заняў ганаровае другое месца.
– Кожны ў калектыве заслугоўвае ўзнагарод і цёплых слоў удзячнасці за працу, за нераўнадушнае стаўленне да справы, – адзначае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
Санітарная служба раёна дзейнічае ў некалькіх напрамках. У раёне летась не зарэгістравана выпадкаў успышак інфекцыйнага захворвання. Працягваецца кантроль за выяўленнем у гандлёвых сетках раёна прадуктаў харчавання з утрыманнем шкодных рэчываў. Для гэтага спецыялісты робяць адбор проб і праводзяць лабараторныя выпрабоўванні. Калі ў 2022 годзе было адабрана 92 пробы, то ўжо сёлета – 60. Актыўна займаюцца супрацоўнікі і маніторынгам умоў працы на сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемствах, у арганізацыях. У цэнтры ўвагі санітарнай службы таксама чысціня і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Сярод мер уздзеяння – маніторынг, растлумачальная работа, выдача рэкамендацый для ўхілення выяўленых парушэнняў, прыцягненне да адказнасці парушальнікаў санітарнага стану і г. д.
Кантроль за якасцю пітной вады і сістэм водазабеспячэння, у тым ліку ў калодзежах і калонках, нагляд за аказаннем цырульніцкіх і лазневых паслуг, выкананнем санітарных нормаў і правілаў на аб’ектах камунальнай уласнасці і іншыя пытанні –
у зоне адказнасці памочніка ўрача-гігіеніста камунальнай гігіены Даны Багдановіч. Адказная і прынцыповая, вопытная і аўтарытэтная, у той жа час тактычная і добразычлівая, характарызуе кіраўніцтва Дану Іосіфаўну. У яе працоўнай кніжцы маюцца запісы толькі з райЦГіЭ. Сюды 41 год назад выпускніца Гродзенскага медвучылішча прыйшла памочнікам урача-гігіеніста і два дзесяцігоддзі разам з калегамі была на варце гігіены харчавання. Столькі ж часу працягвае добрасумленна выконваць абавязкі і ў камунальнай гігіене. Да прафесійнага свята Дана Багдановіч адзначана Граматай галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Брэсцкай вобласці. Такой жа ўзнагароды ўдастоена і памочнік урача-эпідэміёлага Валянціна Бацкалевіч. Яе працоўны стаж перавышае чатыры дзесяцігоддзі.
– З такімі спецыялістамі, як Дана Іосіфаўна і Валянціна Яўгеньеўна, любыя задачы вырашальныя, – падкрэслівае Віталій Ціханаў.
Партрэт памочніка ўрача-гігіеніста Вольгі Шчарбаковай сёлета ўпрыгожвае Дошку гонару Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены. Пасля атрымання дыплома фельчара хуткай дапамогі яна вярнулася ў родны горад і ўжо больш за 20 гадоў у радах санітарнай службы. Кола яе абавязкаў шырокае, адказнасць – высокая. У аб’ектах гандлю, прадпрыемствах харчовай прамысловасці і грамадскага харчавання ў цэнтры ўвагі – фактары, якія могуць пагражаць здароўю насельніцтва. Сярод іх – тэрмін прыдатнасці прадукцыі, умовы яе захоўвання, наяўнасць пасведчання, якое пацвярджае якасць тавараў, таварнае суседства і г. д. Сёлета, напрыклад, у магазінах выяўлена шэсць проб нестандартнай прадукцыі па хімічных паказчыках.
У кожнай арганізацыі ёсць супрацоўнікі, праца якіх не навідавоку, але без якіх немагчыма абысціся. Сярод тых, хто працуе на аўтарытэт санітарнай службы, спецыяліст Наталля Салагуб і сакратар Наталля Казлова. У кожнай з іх аб’ёмны і важны ўчастак дзейнасці.
– Напярэдадні Дня медыцынскага работніка сардэчна віншую калектыў райЦГіЭ і ўсіх медыкаў раёна з прафесійным святам. Міру вам і дабрабыту, няхай праца на карысць насельніцтва прыносіць задавальненне, – жадае галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Віталій Ціханаў

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея Варановіча.