Палеткі, стомленыя сонцам. Аграрыі Ляхавіччыны ўбіраюць на корм пацярпелыя ад засушлівага надвор’я гектары збожжавых


Рукавы, поўныя зернесенажу.
Галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук і намеснік дырэктара ЗАТ «Белпрампрыбор» Андрэй Вараб’ёў.

Пацярпелыя ад засушлівага надвор’я гектары збожжавых аграрыі Ляхавіччыны ўбіраюць на корм. Такую практыку,
у прыватнасці, выкарысталі ў закрытым акцыянерным таварыстве «Белпрампрыбор».

Каля дзесяці дзён назад прайшлі дажджы – расліны ажывіліся, набылі зялёную выразнасць і, здаецца, як па-камандзе пайшлі ў рост.

– Цукровым буракам, бульбе, кукурузе ў гэтым годзе, можна сказаць, пашчасціла. У лік «шчасліўчыкаў» правільна было б запісаць і грэчку з просам, калі б пасевы гэтых крупяных раслін у раёне вызначаліся аб’ёмам і рабілі сельгаспрадпрыемствам істотную эканоміку. На ўсім, што прадугледжвае больш познія тэрміны сяўбы-пасадкі, засушлівасць канца вясны – першай паловы чэрвеня адбілася ў меншай ступені. У іх яшчэ ёсць магчымасць выйсці на свой ураджай, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.
Засушлівае да сярэдзіны чэрвеня надвор’е аказала сваё негатыўнае ўздзеянне на культуры збожжавай групы: пшаніца, ячмень, трыцікале і іншыя. У асаблівасці на азімыя, чый тэрмін наліву зярнят супаў з пікам адсутнасці ў глебе вільгаці. Асобныя невялікія палі ці ўчасткі палёў, па словах начальніка райсельгасхарчу, няма сэнсу трымаць да збожжаўборачнай спеласці. Эканамічна выгадней скасіць іх «зялёнымі», а сабраны ўраджай закласці ў кармавую траншэю ў якасці зернесенажу.

У сельскай гаспадарцы з-за ўмоў надвор’я ніякай катастрофы не адбылося, але там, дзе падсушыла, трэба цяпер хутка зарыентавацца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў
22 чэрвеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.
«Катастрофы няма, і гэта прызнае віцэ-прэм’ер, які вядзе сельскую гаспадарку. Проста трэба своечасова зарыентавацца там, дзе падсушыла», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, дадаўшы пра важнасць строгага выканання тэхналагічнага працэсу ў сельскай гаспадарцы, што дае магчымасць захоўваць пасевы і атрымліваць ураджай нават у няпростых умовах надвор’я.

На што пайшлі ўжо ў ЗАТ «Белпрампрыбор». Розніца толькі ў тым, што замест траншэі для захоўвання сенажу акцыянернае таварыства не першы год выкарыстоўвае поліэтыленавыя рукавы.
Яравыя збожжавыя пасевы ў меншай ступені «стаміліся» ў выніку працяглай адсутнасці дажджоў. Нядаўнія дажджы іх відавочна ажывілі, справакавалі разрастанне, палепшылі працэс кушчэння – адрадзілі ў аграрыяў надзею на прымальны ўраджай.
Відавочна, што леташняга рэкорднага для раёна збожжавага збору паўтарыць сёлета не атрымаецца, канстатаваў Васілій Пыжык. Сухое надвор’е «забрала» ў аграрыяў каля тысячы першапачаткова хлебных гектараў. Іменна такія плошчы аграрыям раёна давядзецца ўбіраць на корм і перасяваць па-новаму на тыя ж мэты.
Плануецца, што прыклад «Белпрампрыбора» атрымае працяг у СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Нача» і іншых сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.
Акрамя збожжавых, з-за сухога надвор’я часткова пацярпелі рапсавыя, ільняныя палеткі.
Іван КАВАЛЕНКА.