Ляхавічы -топавы горад. Якое ў вас любімае месца ў Ляхавічах?

Ляхавічы – горад хоць і невялікі, але вельмі кампактны і ўтульны. У мясцовых жыхароў тут ёсць свае топавыя месцы, дзе можна правесці час, адпачыць, натхніцца, сустрэцца з сябрамі. А якое ў вас любімае месца ў Ляхавічах?

Анастасія ДЗЕМІДОВІЧ:
– Адназначна, у топе любымых мясцін горада – кінатэатр «Кастрычнік», а яшчэ дакладней, творчыя сустрэчы «Адкрытага мікрафона». Сюды моладзь цягне магнітам. Не першы год там ладзіцца наш вулічны фэст, і маладыя людзі з радасцю прымаюць удзел. У гэтым месцы ўтульна размясціліся лавачкі, ёсць кафэ, калі ласка – у кіно. І від на захад там таксама казачны – сонца патанае ў нашай Ведзьме.

Анастасія ЛАЎРЭНАВА, Юлія КАЛЯДА, Валерыя ЧАПЯЛЕВІЧ і Ірына АНДРУСЕВІЧ:
– Ляхавічы – горад нумар адзін! Усе мы вучымся ў розных гарадах Беларусі, але пры любой магчымасці з радасцю вяртаемся на малую радзіму. І традыцыйнае месца сустрэчы – сквер каля плошчы Перамогі. Вечарам ён становіцца маладзёжнай пляцоўкай, дзе бавяць вольны час разнастайныя кампаніі, а днём тут адпачываюць людзі старэйшага пакалення. Чаму менавіта сквер стаў нашым месцам? Па-першае, знаходзіцца ў цэнтры і да розных кропак рукой падаць. Па-другое, тут утульна і камфортна, прыгожа. Нядаўна з’явілася яшчэ больш зялёных насаджэнняў. Тут бяспечна нават у позні час. Зручна, што ў скверы можна сустрэць сваіх аднакласнікаў, знаёмых, тых, каго даўно не бачыў. Цікава, але ў Мінску, Гродне, Баранавічах часам знаходзім падобныя на нашы родныя мясціны куточкі. І ад таго, што Ляхавічы заўсёды з намі, на сэрцы становіцца радасна і спакойна.

Мікалай КАНЬКО:
– Што можа быць лепш за нашу Ведзьму. Зона адпачынку з кожным годам становіцца прывабней і зручней. Там хочацца пазагараць, пакупацца, пагуляць у валейбол. А вось аматары рыбалкі вам дакладна пацвердзяць, што імкнуцца як мага хутчэй у сезон заняць удачную пазіцыю для паспяховай рыбалкі. Таму мой топ месцаў адпачынку ўзначальвае наша Ведзьма.

Андрэй ЦЯМЧЫК:
– Бясспрэчна, самае топавае месца ў Ляхавічах – стадыён «Колас» з усімі яго спартыўнымі бонусамі. Туды, асабліва летам, імкнёмся, каб умацаваць здароўе. Лічу, што ўстаноўка варкаўт-пляцоўкі – ідэя на ўсе сто балаў. Яна ніколі не пустуе, туды б яшчэ такія трэнажоры, як у гарадскім парку адпачынку. Футбольная каробка – гэта ўвогуле цуд для тых, хто хоча выпусціць пар. Асабіста я гэтыя спартыўныя адрасы наведваю часта. Класна, што і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця ў Ляхавічах шмат. Часта можна бачыць, што абноўленыя бегавыя дарожкі, каробка, варкаўт-пляцоўка – месцы, куды прыходзяць сем’ямі. Пабольш бы такіх навінак.

Таццяна КАЛГУШКІНА:
– Для мяне Ляхавічы родныя і любімыя не менш за 15 гадоў. Калі жыла ў Куршынавічах, кожны выезд у горад быў святам і вялікай падзеяй. У нашым райцэнтры шмат месцаў, дзе можна пагуляць з дзецьмі і адпачыць. Але самае папулярнае для маёй сям’і – сквер каля фантана. Вада прыцягвае дзяцей. З радасцю чакаем моманту, калі камунальнікі ўключаюць фантан. Акрамя таго, сквер знаходзіцца недалёка ад нашага дома. Тут спакойна, прыгожа, утульна і зручна. Можна пасядзець на лаўках – такіх арыгінальных і цікавых. Шмат фотакадраў і відэа дзяцей зроблена на фоне нашага ляхавіцкага сквера. А яшчэ гэта раздолле для гарэз у спалучэнні з бяспекай – няма ні машын, ні веласіпедыстаў.