Жніўныя рэкорды і рэальныя перспектывы. Першы намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама падзяліўся з «ЛВ» меркаваннем пра вынікі гэтага сельскагаспадарчага года

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК – першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Васілій Пыжык падзяліўся з «ЛВ» меркаваннем пра вынікі гэтага сельскагаспадарчага года:

– Гэты год для аграрнай галіны Ляхавіччыны выдаўся неадназначным. Што датычыць раслінаводства, сёлета мы, безумоўна, спрацавалі вельмі паспяхова. 2022-і стаў для Ляхавіччыны рэкордным на жніве за апошнія чатыры дзесяцігоддзі. Агульны намалот збожжа, кукурузы і рапсу дасягнуў 100 тысяч тон у першачаргова апрыходаванай вазе, у тым ліку амаль 90 тысяч тон зерня і 13,7 тысячы тон рапсу.
У Ляхавіцкім раёне за асноўнымі сельгаспрадпрыемствамі і буйнымі фермерскімі гаспадаркамі замацавана 50 тысяч гектараў сельгасугоддзяў – гэта 4,2 працэнта ад плошчы па вобласці.
Пры гэтым збожжа ў раёне сабрана 74201 тона – 5,3 працэнта ад агульнаабласнога аб’ёму, сярэдняя ўраджайнасць ляхавіцкага гектара – 47,8 цэнтнера пры сярэднеабласной 39,1. І гэта трэці паказчык на Брэстчыне ў абсалютным значэнні і першы ў пераразліку на бала-гектар.
Рапсу і наогул сёлета сабралі 6,7 працэнта ад абласнога аб’ёму, ільнотрасты ў пераліку на льновалакно – прыкладна 37 працэнтаў. Прыведзеная статыстыка – красамоўнае сведчанне эфектыўнага выкарыстання зямлі.
Безумоўна, істотную дапамогу сельгасвытворцам аказваюць абласная ўлада і дзяржава. І ў плане фінансавых адтэрміновак, і ў забеспячэнні гаруча-змазачнымі матэрыяламі, мінеральнымі ўдабрэннямі. Дзякуючы такой падтрымцы, у нас не было прастояў тэхнікі па прычыне адсутнасці паліва. Няхай і не пад поўную патрэбнасць, але кожная гаспадарка працавала з тукамі, а гэта надзвычай важна для ўрадлівасці глебы і атрымання высокіх ураджаяў.
У рэшце, вялікае падспор’е для гаспадарак – таварныя крэдыты з адтэрміноўкай плацяжоў.
Сёлета ляхавіцкія аграрыі сур’ёзна папрацавалі на нарыхтоўцы кармоў: на кожную ўмоўную галаву назапасілі 34,1 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў – больш мінулагодняга. Стапрацэнтна забяспечаны і канцэнтраванымі кармамі за кошт зерневай групы і алейнага насення рапсу. У поліэтыленавыя рукавы нарыхтавалі 2658 тон плюшчанага зерня кукурузы высокай вільготнасці. Гэты від корму для нас новы, але ён паспяхова выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, і ёсць усе падставы разлічваць на малочную прыбаўку.
Акрамя таго, што такі корм высокаспажыўны, ён яшчэ і эканамічна выгадны: не трэба траціць грошы на сушку зерня кукурузы, потым на яго размол.
Нядрэнна працавалі па будаўніцтве.
Сёлета ўведзена ў эксплуатацыю  новая малочнатаварная ферма ў
СВК «Ляхавіцкі» на 720 галоў. Да канца года плануецца ўвесці першы пускавы комплекс фермы «Падлессе» ў ААТ «Жарабковічы» на 1000 галоў, што ўключае ў сябе кароўнік з даільна-малочным блокам. Рэканструюецца ферма ў Ліпску. У снежні інвестар плануе завяршыць будаўнічыя работы, так што ў новы год «Ліпнянка» павінна ўвайсці з абноўленай фермай з сучасным даільным абсталяваннем. Абнаўляюцца жывёлагадоўчыя аб’екты ў ААТ «Шлях новы», у прыватнасці, ферма «Навасёлкі»: узводзіцца новы будынак для ўтрымання сухастою, рэканструюецца цялятнік. Гэта дасць магчымасць палепшыць вынікі па вырошчванні жывёлы, павысіцца і захаванасць маладняку.
Мы выдатна бачым свае рэзервы. Недзе недапрацавалі з канцэнтраванымі кармамі. Няма чым хваліцца ў пытаннях аднаўлення статка. Патрабуе тэхнічнага абнаўлення парка кормараздатчыкаў-змешвальнікаў.
Так, наша жывёлагадоўля ідзе з плюсам і па малаку (за 10 месяцаў удой на карову склаў 4738 кілаграмаў, плюс 156 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года; усяго надоена 47,3 тысячы тон малака 101,8 працэнта), і па прывагах (тут маем 103, 2 працэнта да мінулагодняга перыяду). Але разлічвалі, што гэты плюс будзе больш важкім.
У планах на 2023 год – істотна палепшыць вынікі ў жывёлагадоўчым комплексе. У тым ліку за кошт будаўніцтва новых фермаў, што ўжо ўведзены ў строй і будуць уводзіцца. Пачаліся планіровачныя работы ў ААТ «Нача» на МТФ «Цэнтр», дзе з’явіцца новы кароўнік на 480 галоў з даільна-малочным блокам, будуць рэканструявацца і існуючыя кароўнікі. Такое абнаўленне мае на ўвазе лепшыя ўмовы і для ўтрымання, даення жывёлы, і для працаўнікоў. А гэта ў комплексе з трывалай і якаснай кармавой базай (а сёлета яе якасць выклікае значна менш пытанняў) дасць штуршок для росту вытворчых паказчыкаў.
Магу сказаць, што кожная гаспадарка сёлета зрабіла канкрэтныя крокі для паляпшэння сваіх вытворчых пазіцый. Але самазаспакойвацца не будзем, працаваць давядзецца яшчэ шмат –
і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі.
Напярэдадні прафесійнага свята ўсім, хто працуе ў аграрнай сферы, у галіне перапрацоўчай прамысловасці АПК, ветэранам сельскай гаспадаркі – сардэчныя віншаванні, удзячнасць за любоў да сваёй справы і да зямлі, шчырыя пажаданні ўсяго найлепшага.