Поле вялікіх эксперыментаў. Больш за сотню спецыялістаў-аграрыяў штогод выпускае Ляхавіцкі аграрны каледж

З Ляхавіцкага аграрнага каледжа пачынаецца прафесійны шлях многіх учарашніх школьнікаў. Мара стаць ветэрынарам, аграномам, заатэхнікам ажыццяўляецца ў тым ліку і ў гэтай навучальнай установе. Тут для рабят і тэорыя, і практыка. А паспяховы старт у кар’еру дэманструюць і самі выкладчыкі, якія свой прафесійны шлях пачыналі таксама з агракаледжа.

Напрыклад, загадчык лабараторыі «Вучэбна-вопытнае поле» Арцём Качанаў (на здымку). Для Арцёма Андрэевіча галоўная задача – забяспечыць рабят вучэбным полем, а значыць, месцам, дзе юнакі і дзяўчаты на практыцы адточваюць азы аграмайстэрства. Гэта значыць, што каляджане вывучаюць у лабараторыі ўсе этапы сельскагаспадарчай вытворчасці. Напрык-лад, калі праходзіць узворванне, дэманструюць рабятам настройку агрэгата. А ёсць рабяты, якія і самі спрабуюць сябе за абаранкам сельскагаспадарчай тэхнікі.
Пад наглядам Арцёма Качанава – 25 гектараў зямлі. І колькі ўсяго на гэтых, дарэчы, не самых высокіх па бальнасці землях атрымліваецца вырасціць, сабраць і нават рэалізаваць. Сёння, напрык-лад, дзесяць з паловай гектараў ужо засеяна азімымі. А падчас жніва-2022 на 14 гектарах удалося атрымаць ураджайнасць 41,5 центнера на круг (у мінулым годзе – 26). З кожнага з трох гектараў бульбы сабралі 205 цэнтнераў (у мінулым годзе – 145).
– А яшчэ трэці год тут вырошчваем фацэлію. Гэта аднагадовыя травы для патрэб нашага пчальніка. Атрымліваем добры меданос. І, між іншым, добры ўраджай насення, які поўнасцю рэалізуецца на тэрыторыі краіны. Спрабуем вырошчваць і новыя зерневыя культуры. Напрыклад, чумізу – кармавую культуру для птушкафабрык, –
расказвае Арцём Качанаў.
Здаецца, пра свае працоўныя будні ён можа расказваць бясконца і з вялікай любоўю. А як па-іншаму, калі выбраў сапраўды любімую працу. Прытым вярнуў-ся працаваць у альма-матар. На-вучаўся ў Ляхавіцкім агракале-джы па спецыяльнасці агранамія, працягнуў вучыцца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. А вось ступень магістра атрымаў у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Галоўнае, тэорыю падмацаваць практыкай: усе нюансы агранаміі адчуў у адным з СВК Вілейскага раёна, пасля ў «Крошыне» Баранавіцкага раёна працаваў аграномам-хімікам.
А цяпер разам з жонкай (таксама выпускніца кале-джа) працуюць тут, на Ляхавіччыне.
Будучым аграрыям Арцём жадае галоўнага – не баяцца працаваць у сельскай гаспадарцы:
– Вучыцеся, не спыняйцеся раз-вівацца. У любой сферы можна дасягнуць многага, галоўнае – жаданне. Працаваць лёгка нідзе не будзе.

Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.