Інвестыцыі ў чалавека самыя надзейныя. Насустрач Усебеларускаму народнаму сходу

Уважліва сачылі, як праходзіла летась першае пасяджэнне
VII Усебеларускага народнага сходу. А потым разам з дэлегатамі УНС землякі абмяркоўвалі вынікі сходу.

Адзін з дэлегатаў УНС ад Ляхавіцкага раёна – дэпутат райсавета дэпутатаў па Альхоўскай выбарчай акрузе Маргарыта Кухта-Маслоўская. Нядаўна Маргарыта Аляксееўна правяла занятак «Школы актыўнага грамадзяніна» з навучэнцамі нашай школы, была таксама арганізавана размова з педагагічным калектывам. Такія сустрэчы вельмі важныя і надзённыя.

І школьнікі, і настаўнікі ўздымалі пытанні, якія асабліва хвалююць. Таксама абмяркоўваліся стратэгічныя дакументы, прынятыя летась на Усебеларускім народным сходзе, якія адлюстроўваюцца на нашым паўсядзённым жыцці – ад бяспекі краіны да развіцця лічбавага адукацыйнага асяроддзя. Важна, каб рашэнні УНС былі арыентаваны на канкрэтны вынік, які адчуе кожны жыхар нашай краіны: настаўнік
у вясковай школе, рабочы на заводзе ці малады спецыяліст.

Што хвалюе нас, вясковую інтэлігенцыю? Канешне, за апошнія дзесяцігоддзі ўмовы навучання ў сельскай школе максімальна набліжаны да гарадскіх. Для прыкладу, у Малагарадзішчанскай СШ створаны ўсе ўмовы для развіцця ўсебакова развітай асобы. Нашы навучэнцы займаюцца ў прасторных, абсталяваных класах, шмат увагі надаецца выхаваўчай рабоце. І вынік відавочны – хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах, нямала на іх рахунку перамог. Але разам з тым, калі ў сельскай мясцовасці не будзе прытоку маладых кадраў, якія застануцца тут працаваць і створаць сем’і, вёска спыніць сваё жыццё. Таму звяртаемся з просьбай да дэлегатаў УНС прапрацоўваць тэму замацавання маладых спецыялістаў. У працяг не менш важнае пытанне – стварэнне і падтрыманне ў вёсках і аграгарадках належнай інфраструктуры і больш шырокіх магчымасцей для культурнага жыцця і заняткаў спортам.
Хацелася б, каб на форуме ўздымаліся пытанні падтрымання статусу педагога, мадэрнізацыі сістэмы адукацыі, прыняцця яшчэ больш разнапланавых мер, накіраваных на падтрымку мацярынства
і дзяцінства. Інвестыцыі ў чалавека самыя надзейныя.
Анжэла ЯВАРЧУК,
дырэктар Малагарадзішчанскай СШ.