Блізка да сэрца, далёка ад афіцыёза. Што ўключаў план-канспект сустрэчы кіраўніка Ляхавіцкага раёна з навучэнцамі аграрнага каледжа

Размеркаванне, вучэбныя будні, хобі, падпрацоўка і развіццё райцэнтра, а яшчэ парады ад людзей, якія могуць пахваліцца жыццёвым вопытам, – кароткі план-канспект сустрэчы кіраўніка раёна Мікалая Мароза з навучэнцамі аграрнага каледжа –
старастамі груп, актывістамі грамадскага жыцця, юнакамі і дзяўчатамі, якія паказваюць поспехі ў вучобе. Адзначым, што такія сустрэчы за кубачкам чаю і ў атмасферы далёкай ад афіцыёза даўно сталі добрай агракаляджанскай традыцыяй.

– Гэту сустрэчу каляджане заўжды чакаюць. Пытанняў накапілася шмат, і гэта радуе. Унікальная магчымасць задаць пытанні наконт развіцця раёна: Мікалай Мікалаевіч пяць гадоў кіруе Ляхавіччынай. Гэта і магчымасць спытаць параду ці ўнесці сваю прапанову, –
задала тон размовы дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік.
Будучы заатэхнік Мілана Наўхацкая плануе пасля вучобы застацца ў Ляхавіцкім раёне. Таму яе пытанне тычылася размеркавання: дзе патрабуюцца спецыялісты, якую гаспадарку выбраць, каб максімальна сябе праявіць і зарэкамендаваць.

 – Кожнай гаспадарцы раёна патрабуюцца кваліфікаваныя, адказныя, дысцыплінаваныя, гатовыя працаваць якасна спецыялісты. А калі ты яшчэ спецыяліст з профільнай адукацыяй, з жаданнем працаваць і развівацца, упэўнены, зацікавіцца любая гаспадарка. Сёння ў сельгаспрадпрыемствах раёна свае бонусы для маладых спецыялістаў. Гэта і матэрыяльнае заахвочванне. Паглядзіце, як наладжана пазапрацоўнае жыццё на нашых прадпрыемствах –
канцэрты, экскурсіі, конкурсы. А як сябе прэзентуюць у сацсетках – таксама поле для працы, – акцэнтаваў увагу кіраўнік раёна.

Маладых, канешне, у першую чаргу хвалюе забяспечанасць жыллём. Таму лагічна прагучала наступнае пытанне: ці плануецца будаўніцтва шматкватэрнікаў у райцэнтры ў бліжэйшы час, ці будуць там арэндныя кватэры?
Адказ ад старшыні райвыканкама прагучаў станоўчы. Будаўніцтва намячаецца ў раёне агракаледжа – і пэўная частка квадратных метраў, канешне, будзе адведзена пад арэнднае жыллё. Больш таго, сельгаспрадпрыемствы раёна ўзялі за практыку прадастаўляць сваім працаўнікам жыллё па месцы і нават з правам выкупу. Таму той, хто жадае добра працаваць, можа прэтэндаваць і на жыллё, і на высокую заработную плату, і на кар’ерны рост.

Здаецца, на гэтае пытанне старшыня райвыканкама адказваў не аднойчы, але ж яно займае лідзіруючыя пазіцыі падчас такіх сустрэч. Моладзь за прыклад ставіць людзей вопыту і дасягненняў, таму заўжды пад запіс бярэ парады і адказы на пытанне: што стала вызначальным у выбары прафесіі?
– Заўжды імкнуўся адказна працаваць, не падвесці бацькоў, сваю сям’ю, калег. Падчас вучобы ў прафтэхвучылішчы хацелася асвоіць як мага больш спецыяльнасцей. Калі паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, таксама вызначыў адразу шлях, па якім буду рухацца. Выбіраў, што цікавіць. Асвоіў інжынерную спецыяльнасць. Канешне, заўжды адчуваў падтрымку бацькоў, але ведаў, дзе б
ты ні знаходзіўся, дзе б ні працаваў, варта заставацца чалавекам, чалавекам слова і працы, – падзяліўся Мікалай Мароз.
Сёлета агракаледж упершыню набраў навучэнцаў на новую спецыяльнасць. Новы набор – тэхнікі лясной гаспадаркі падзяліліся першымі ўражаннямі ад вучобы, адзначылі, што чакаюць практычных заняткаў.

Мікалай Мікалаевіч, а ці сустракаецеся вы са сваімі аднагрупнікамі?

– Жыццё раскідала нас па розных гарадах краіны. Аднак чакаю юбілейнай сустрэчы. Абавязкова на 30-годдзе наведаю альма-матар і ўбачу родных людзей. Раю вам шанаваць гэтае студэнцкае імгненне – яно сапраўды непаўторнае, рамантычнае, самае дзёрзкае і смелае, таму выкарыстоўвайце кожную хвіліну гэтага жыцця. Час бяжыць няспынна. І вось такія сустрэчы, з вамі у тым ліку, вяртаюць нас у той момант, калі наперадзе ўсё жыццё, і яно такое цікава невядомае.

– Як для вас прайшла пяцігодка ў раёне?

– Адчуваю сябе адказным перад людзьмі, перад калектывамі. Ставім, канешне, амбіцыёзныя задачы, імкнёмся да іх вырашэння. Любая
работа кіраўніка – складаная, усё прапускаеш праз сэрца,
гэта можа збоку хтосьці скажа, што ўсё проста. Але любая
кіраўніцкая пасада – гэта ўзровень адказнасці. Праляцелі гады незаўважна – здаецца, нядаўна знаёміўся з раёнам і яго жыхарамі – а ўжо сёння мы адна каманда, якая рушыць наперад. Улюбіўся ў гэты горад, раён, яго хлебасольных людзей. Шмат чаго заплана-
валі, упэўнены, рэалізуем.
Навучэнцы пацікавіліся, калі ж пачнецца будаўніцтва басейна. Для інфраструктуры горада, тым больш для моладзі, гэты аб’ект проста неабходны.
– Будаўніцтва гэтага аб’екта самае чаканае для ляхавічан. Кожны прыём грамадзян, прамыя лініі мы чуем гэту прапанову. Таму скажу адназначна, працэс ужо запушчаны. Выдаткавана шэсць мільёнаў рублёў для пачатку будаўніцтва такога аздараўленчага аб’екта, які будзе прыбудаваны да спартыўнай школы. Галоўнае, каб гэтыя просьбы ператварыліся ў рэальную запатрабаванасць аб’екта, –
расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак.
Юнакі і дзяўчаты працягвалі закідваць пытаннямі, задавалі тэмы для канструктыўных спрэчак. Напрыклад, падчас сустрэчы зайшла размова і пра падпрацоўку. Скажам так, па профілі.
У дыялогу нарадзіліся варыянты – гэта і падсобныя работы на кансервавым заводзе (практыка ўжо ёсць), магчыма, прадпрыемствам патрабуюцца кадры, якія могуць прафесійна падрэзаць капыты жывёлам або заняцца абрэзкай дрэў, напрыклад, на прыватных гектарах. Магчыма і лясгасу патрабуюцца спецыялісты на сезонную падпрацоўку.
Дырэктар ЛАКа падкрэсліла, што агракаляджане падчас вучобы вучацца вадзіць легкавы аўтамабіль і трактар – для гэтага ў каледжы ёсць ўсё, у тым ліку і тэхніка – два легкавыя аўтамабілі і трактар. А днямі навучальная ўстанова папоўніцца новым транспартным сродкам беларускай вытворчасці «БЕЛДЖИ», купленым за бюджэтныя сродкі.

– Відавочна, што моладзі такі фармат узаемадзеяння з вертыкаллю ўлады падабаецца. Юнакі і дзяўчаты не заўважылі, як ад пытанняў перайшлі да гісторый са свайго жыцця, дзяліліся прапановамі наконт таго, што б хацелі бачыць у райцэнтры. Запрашалі на студэнцкую восень і падзяліліся планамі на дзень самакіравання. Каляджанам хацелася расказаць пра сябе, свае справы, дабрачыннасць, напрыклад,
пра супрацоўніцтва з цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання, дзейнасць «Школы міру». Грэе сэрца, што паняцці пра галоўныя каштоўнасці жыцця – мір, сям’ю, павагу да гісторыі і сваіх каранёў – у прыярытэце ў нашай моладзі, –  адзначыла намеснік дырэктара агракаледжа Таццяна Траццяк.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.