16 імгненняў гісторыі. Білет на «Поезд Памяці» атрымалі і ляхавічане. Сёння яны дзеляцца ўражаннямі

Запамінальныя экскурсіі, незабыўныя сустрэчы, безліч уражанняў, цікавыя знаёмствы, мноства мерапрыемстваў – усё гэта пра міжнародны беларуска-расійскі патрыятычны праект «Поезд Памяці», удзельнікамі якога сталі больш за 200 старшакласнікаў з Беларусі, Расіі, Арменіі і Кыргызстана.

Падарожжа ад Брэста да Урала доўжылася 16 дзён. У шасці беларускіх і васьмі расійскіх гарадах рабяты рабілі прыпынкі для знаёмства з населеным пунктам і яго ваенным мінулым.
Праект стартаваў 21 чэрвеня ў Брэсце, фінальным прыпынкам «Поезда Памяці» стала Масква, дзе 24 чэрвеня 1945 года на Чырвонай плошчы прайшоў легендарны гістарычны Парад Перамогі ў гонар заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Як ужо паведамляў «ЛВ», білет на «Поезд Памяці» атрымалі і ляхавічане – вучаніца СШ № 1 Таццяна Кучук і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, настаўнік гісторыі СШ № 2 Віталій Толкач. Сёння ўдзельнікі «Поезда Памяці» дзеляцца ўражаннямі.

Віталій ТОЛКАЧ:
– Не магу вылучыць найбольш запамінальнае за гэтыя дні. Кожны прыпынак – знаёмства з гісторыяй, культурай і ні з чым непараўнальны патрыятычны ўздым. З пачуццём гонару за пакаленне пераможцаў сачылі за рэканструкцыяй падзей абароны Брэсцкай крэпасці. А з якім натхненнем рабяты дзяліліся ўражаннямі ад наведвання Сафійскага сабора, помнікаў «Вызваліцелям Полацка» і «Героям вайны 1812 года».
Гасцінна сустрэў і Гродна. На славу адпачылі ў вёсцы Пышкі Гродзенскага раёна.
Ва Уфе рабяты сустрэліся са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай і старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянцінай Матвіенка.
28 ліпеня «Поезд Памяці» спыніўся ў Самары. Падчас Вялікай Айчыннай вайны гэты горад стаў рэзервовай сталіцай СССР. Для нас арганізавалі экскурсію ў Ваенна-гістарычны музей, «Бункер Сталіна», потым глядзелі спектакль «Васілій Цёркін» і шмат іншага.
На малой радзіме Льва Талстога ў Тульскай вобласці паглядзелі мона-спектакль «Гісторыя роду Талстых – гісторыя Расіі», паўдзельнічалі ў майстар-класе па кераміцы. На нашым шляху былі таксама Тульскі крэмль і музей абароны горада.
У першы дзень ліпеня «Поезд Памяці» зрабіў прыпынак у Магілёве, усклалі кветкі да манумента на Буйніцкім полі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра загінулых пры вазваленні горада.
Мы пасадзілі дрэўцы на маладзёж-най алеі на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна». І зрабілі гэта ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
4 ліпеня наведалі парк «Патрыёт» у Кубінцы. Гэта комплекс Узброеных Сіл, які ўключае ў сябе тэхніку ўсіх войскаў расійскай арміі, яшчэ наведалі музей «Дарога Памяці 1418», «Партызанскую вёску», а вечарам спявалі пад гітару песні каля кастра.
Упэўнены, што рабяты, якія падарожнічалі на «Поездзе Памяці», будуць расказваць пра ўбачанае, беражліва захоўваць у сваёй памяці гэтыя патрыятычныя дні. Такое пакаленне беларусаў не дазволіць нікому перапісаць нашу гераічную гісторыю. Яны адчулі, якой цаной здабыты мір.

Таццяна КУЧУК:
– Я так рада, што стала адной з двухсот рабят, каму пашанцавала трапіць у такое ўнікальнае падарожжа. Так, мы загадзя пазнаёміліся з праграмай, але тое, што адбывалася падчас праекта, нават уявіць не маглі, настолькі ўсё заварожвае. Як жа ветліва і гасцінна нас сустракалі. За 16 дзён пасябравалі: усе такія розныя і такія цікавыя маладыя людзі. З гонарам слухала, як равеснікі з іншых краін захапляліся прыгажосцю беларускіх краявідаў, чысцінёй і ўтульнасцю. Я шмат расказвала і пра Ляхавіцкі раён.
Ніжні Ноўгарад запомніўся экскурсіямі па Крамлі – самым вялікім пасля маскоўскага, па парку 800-годдзя горада. Рабяты з Расіі, Арменіі, Кыргызстана расказвалі пра памятныя мясціны ў сваіх краінах. Нашчадкі пераможцаў розных краін ведаюць, што Перамога заваявана прадстаўнікамі ўсіх народаў СССР. У Расіі, як і ў Беларусі, беражліва адносяцца да гісторыі Другой сусветнай вайны. У чым чарговы раз упэўнілася, калі ў Валгаградзе наведвалі мемарыял «Героям Сталінградскай бітвы». Гэта адна з вызначальных аперацый, што доўжылася 200 дзён і начэй. Немагчыма стрымаць слёзы, калі наведалі мемарыял-помнік дзецям – ахвярам фашызму «Чырвоны бераг». Тут знаходзіўся самы вялікі дзіцячы канцлагер, у які фашысты зганялі дзетак, каб браць у іх донарскую кроў для нацысцкіх салдатаў.
Збылася яшчэ адна мая мара – пабывала ў Санкт-Пецярбургу. Шмат чаго даведалася і ў музеі Расійскіх чыгунак – гэта вялікі тэхнапарк Еўропы, дзе размешчана каля 120 экспанатаў цягнікоў. Убачыла і палюбіла – такое ўражанне ад Пецяргофа! Не хопіць слоў, каб расказаць пра прыгажосць фантанаў, садоў, заварожваючым відам на Фінскі заліў. «Пунсовыя ветразі» – гэта ўвогуле штосьці з разраду нерэальнага.
Потым мы зноў прыехалі ў Беларусь. 1 ліпеня нас сустрэлі ў Магілёве, калі абласны цэнтр адзначаў 756-ы дзень нараджэння. Далей на нашым шляху – знака-міты аграгарадок Александрыя, пазнаёміліся з гісторыяй лячэбнай крыніцы, куды за цуда-вадой едуць з розных куточкаў свету. Пабывалі ў школе, дзе вучыўся Прэзідэнт Беларусі.
Упершыню наведала Храм у гонар Усіх Святых у Мінску. Убачанае на Кургане Славы пад Мінскам не можа не кранаць. Вельмі ўважліва слухала выступленне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Было прыемна, калі наш Прэзідэнт сказаў шмат добрых слоў пра «Поезд Памяці». Рабяты з Расіі, Кыргызстана, Арменіі ў захапленні ад нашага Прэзідэнта. Мы ўсклалі кветкі да манумента-абеліска Перамогі ў Мінску. Хвалюючы момант: мы запісалі ў Кнігу Памяці імёны сваіх продкаў – удзельнікаў той вайны. А феерычным завяршэннем святкавання Дня Незалежнасці Беларусі стаў шыкоўны салют у нашым мірным небе.
Канешне, крыху стаміліся, але гэта самая прыемная стомленасць. Ці хачу паўтарыць зноў? Так, гэта мая мара. А пакуль зноў і зноў успамінаю, як было здорава, чакаю званкоў ад рабят, з якімі пасябравала падчас падарожжа.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.