Дарослыя гульні на дзіцячай пляцоўцы. Што непакоіць ляхавічан?

Чатыры гады назад цудоўны падарунак падрастаючаму пакаленню зрабілі камунальнікі – уладкавалі арэлямі, лавачкамі, турнікамі дзіцячую пляцоўку за домам № 48а па вуліцы Леніна. Сёлета пасля разрыву цеплатрасы тут былі пашкоджаны бетонная агароджа пляцоўкі і асфальтавае пакрыццё. Ляхавіцкая ЖКГ сітуацыю выправіла. Што яшчэ непакоіць жыльцоў?

На жаль, многія землякі не цэняць работы іншых. Пасля «вясёлага» вячэрняга адпачынку карціна не з самых прыемных. І урны, і месца вакол іх закіданы смеццем – бутэлькамі і іншымі адходамі ад «пікніка». Такі ж сюжэт і на дзіцячых арэлях: і там кампанія адпачывальнікаў пакінула свой след. Ні сораму, ні сумлення.
Зразумела абурэнне бацькоў, якія прывялі малых пагуляць на свежым паветры. Па словах жыльцоў бліжэйшых шматкватэрнікаў, вяселле і гульбішчы дарослых часам з нецэнзурнымі выказваннямі і неадэкватнымі паводзінамі познім вечарам і ноччу – тут нярэдкая з’ява.


Камунальнікі пасля такіх дарослых адпачынкаў сітуацыю выпраўляюць. Аднак такіх нявыхаваных таварышаў гэта не спыняе, нібы за чэлендж лічаць набрудзіць зноў.
Між іншым, за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў ці піва ў грамадскіх месцах або з’яўленне ў іх у нецвярозым стане згодна з артыкулам 19.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да васьмі базавых велічынь. А за аналагічныя дзеянні, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання – штраф ад 2 да 15 БВ ці грамадскія работы, ці адміністрацыйны арышт.
Магчыма, такія меры стануць больш важкім аргументам, каб прачнулася сумленне ў такіх гора-адпачывальнікаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.