Па слядах ідзе Дэйзі. Як нямецкая аўчарка з аховы дапамагае ў працы міліцыянераў

26 чэрвеня следча-аператыўная група РАУС і РАСК працавала ў Куршынавічах. У гэтым населеным пункце хтосьці сапсаваў зневажальнымі надпісамі будынкі ФАПа, магазіна і слупы электраперадачы. Для раскрыцця злачынства на дапамогу быў выкліканы чатырохногі памочнік – нямецкая аўчарка Дэйзі з аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС.

Міліцыянер-кінолаг Іван Грыцкевіч расказвае, што спачатку агледзелі месца здарэння, а пасля сабаку паставілі на вобыск мясцовасці. Не прайшло і дзвюх хвілін, як быў знойдзены след ад абутку каля акна ФАПа. Кінолаг прыняў рашэнне зрабіць кантрольную «занюшку», і Дэйзі пайшла па следзе. Метраў праз 600 сабака завярнуў у двор дома і ўнутры памяшкання спыніўся каля гумавых ботаў, а пасля брэхам абазначыў і чалавека, па паху следу якога ішоў.
Начальнік РАСК Аляксандр Траяноўскі расказаў «ЛВ», што райаддзел СК право-дзіць праверку дачынення вяскоўца да супрацьпраўных дзеянняў. Па факце апаганення збудаванняў і псавання маёмасці ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса.
Каб быць надзейнай чатырохногай памочніцай у міліцыянераў, Дэйзі кожныя паўгода здае сапраўдны экзамен. Паўтара месяца назад, напрыклад, выдатна паказала сябе ў Баранавічах, дзе ў гарадскіх умовах трэба было знайсці ўмоўнага злачынцу. Вы-значана было толькі месца здарэння. Аўчарцы разам з кінолагам давялося прайсці каля двух кіламетраў, прытым праз шчыльны транспарт-ны паток. Экзамен Дэйзі вытрымала!
Іван Грыцкевіч службай сваёй напарніцы задаволены і з ёй амаль не расстаецца. Міліцыянерам-кінолагам Іван служыць два гады і ні разу не пашкадаваў, што перайшоў у адпаведнае падраздзяленне аховы.
Начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Аляксандр Хітрык падкрэслівае эфектыўнасць супрацоўніцтва кінолагаў і іх чатырохногіх памочнікаў, адзначае адказнае стаўленне да выканання кожнага задання.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.