На Івана Купалу забаў нямала. Як у Навасёлках святкавалі Купалле

У Навасёлках Купалле святкавалі ў лепшых народных традыцыях з вясковым каларытам, дабавілі і сучасных сюжэтаў. Нават непрадказальнасць надвор’я не перашкодзіла пагрузіцца ў атмасферу чараўніцтва і таямніцтва. Было весела, песенна і танцавальна. Арганізатар і творчы натхняльнік – мясцовы СДК – прапанаваў цікавую праграму «На Івана Купалу забаў нямала», якая аб’яднала дзяцей і дарослых.

Да свята дзяўчаты збіралі кветкі і плялі купальскія вянкі, каб пасля дэфіліраваць у прыгожых уборах. Пад дружныя апладысменты гасцей выбіралі самы лепшы вянок. Пераможцай стала Марыя Плюшчэвіч Яна ж і імправізаваную папараць-кветку знайшла.
Як без традыцыйнага карагода вакол вогнішча? Скакалі праз полымя і дарослыя, і дзеці, загадвалі жаданні. А яшчэ спаборнічалі ў разнастайных спартыўных конкурсах, перацягвалі канат, гулялі ў «Беларускі ручнік», танцавалі і г. д.
– Калектыў Навасёлкаўскага СДК шчыра ўдзячны ўсім, хто завітаў на свята. І яно атрымалася! Адзначаем у аграгарадку яго здаўна і заўсёды стараемся разнастаіць вечар, падарыць землякам яркія эмоцыі. Купалле – цудоўная магчымасць для моладзі пазнаёміцца з народнымі традыцыямі і культурай, весела правесці час, – дзеліцца загадчыца СДК Таццяна Пішч, якая ўсіх запрашае і на свята вёскі «Край любімы сэрцу сніцца». Пачнецца яно  8 ліпеня ў 16.00 каля Навасёлкаўскага СДК.
Вадзілі карагод і шукалі папараць-кветку таксама ў іншых населеных пунктах Ляхавіччыны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Навасёлкаўскага СДК.