Каманда нашага жніва. У жніўным сюжэце «ЛВ» – сямейны экіпаж бацькі і сына з ААТ «Шлях новы»

Жніўная каманда Ляхавіччыны – моцная, надзейная, вопытная і ў той жа час радуе маладымі кадрамі, што пераймаюць лепшыя традыцыі хлебаробства. У жніўным сюжэце «ЛВ» – сямейны экіпаж бацькі і сына Аляксандра і Сяргея Цімашкоў (на здымку) з ААТ «Шлях новы». Іх тандэм – прыклад настаўніцтва, калі павага да працы на зямлі перадаецца з пакалення ў пакаленне.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Жніво – гэта і тысячы лёсаў сапраўдных герояў, людзей, чые імёны не ззяюць на вокладках глянцавых часопісаў, і ў гонар іх не названы вуліцы і будынкі, але без іх немагчыма ўявіць наша сёння, наша заўтра, якое кожны жадае бачыць мірным і з духмяным хлебам на стале. Гэта яны, хлебаробы, робяць усё, каб беларуская мара была явай!

Спякотныя дні падаграе і працоўная абстаноўка жніва. Тут, як у вялікім спорце, кожная хвіліна працуе на вынік. І ён у жніве – камандны. Менавіта ад каманды залежыць запаветны радок у жніўным рэйтынгу.
Без перабольшання, у кожнай гаспадаркі свае рупліўцы, чые імёны тут, паверце, легенды. У «Шляху новым» Аляксандр Цімашок заваяваў аўтарытэт і характарыстыку сапраўднага профі. Сваё 19-е жніво ён сустракае ў кампаніі самага надзейнага калегі – сына Сяргея. На новенькім КЗС-1218 яны пачынаюць сваё сёлетнае жніво, і першы на ўборачным маршруце – азімы ячмень.
– З сынам працаваць – задавальненне і гонар. Такім складам у пяты раз скараем поле. Сяргей падчас працоўнага водпуску дапамагае і мне ў полі, і гаспадарцы. Спрацаваліся ўжо: разумеем адзін аднаго па позірку, – адзначае старэйшы Цімашок.
Аляксандр Васільевіч у пазажніўным раскладзе працуе меха-
нізатарам. Летась кіраўніцтва даверыла яму і новенькі пагрузчык «Амкадор-352». На ім Аляксандр Цімашок працуе на нарыхтоўцы кармоў на трамбоўцы сянажных траншэй.
Шчасліўчыкам, хто ў гэтым сезоне кіруе новенькім «гомсельмашам», стаў і механізатар Аляксандр Камінскі. Для яго гэты сезон дэбютны ў плане пасады старшага камбайнера. Намеснік дырэктара прадпрыемства Дзмітрый Бубноўскі пра маладога чалавека гаворыць станоўча: актыўны, адказны, перспектыўны і ўпэўнена рухаецца да поспеху. У ААТ «Шлях новы» хоць і не так даўно, але ж паставіў сябе аўтарытэтна. Не ў сезон жніва ён механізатар на праполцы зерневых культур, займаецца хімапрацоўкай.
А сёлетнім жнівом гэтыя імёны ў складзе жніўнай каманды
«Шляху новага».
На момант выхаду газеты, па словах Дзмітрыя Бубноўскага, з азімым ячменем выйдуць на фінішную прамую. Пад гэтую культуру ў гаспадарцы запланавана каля 100 гектараў. Ураджайнасць радуе. Хоць дакладных лічбаў яшчэ не падводзілі, вынік вагаецца на значэнні больш за 75 цэнтнераў з гектара. Наступны фронт работы – палеткі з яравым ячменем.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.