Праездам праз Бенькаўцы. Што не так з вясковай дарогай

Прыемна, што чытачы «ЛВ» не толькі тэлефануюць у рэдакцыю і прапануюць актуальныя для асвятлення тэмы, але і звяртаюцца з праблемамі ў групы газеты ў сацыяльных сетках. Такі давер абавязвае. І журналісты стараюцца аб’ектыўна падысці да кожнага ўзнятага пытання.
Чарговае паведамленне ў інстаграме датычыла дарожнай тэмы: «Так выглядае дарога ў вёсцы Бенькаўцы пасля так званага рамонту. Немагчыма ні ісці, ні ехаць. Такая ж дарога і на Стральцы». Рэдакцыя фотаздымкі з пытаннем адрасавала ў ДРБУ-200. Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога пракаментаваў сітуацыю:
– Ухіленне крытычнай ямачнасці на вясковай дарозе ў Бенькаўцах пачалося 6 ліпеня ў спрыяльнае надвор’е. А прадоўжылася з-за непагадзі на наступны дзень. Верагодна, фотаздымкі падпісчыцы былі зроблены пасля дажджу, калі работы не былі яшчэ скончаны (фота 1).

1

Рамонт дарог адбываецца па вызначаным графіку. Задача дарожнікаў – забяспечыць бяспечны дарожны рух. І гэта не значыць – пакласці новы асфальт. Дарожны рамонт стараемся рабіць якасна. Ацэнка, як правіла, ставіцца на фінішы ўсіх работ.
Майстар па ўтрыманні дарог ДРБУ-200 Генадзій Ланкуць тлумачыць, што ў Бенькаўцах і Стральцах рамонт рабілі фрэзераваннем, ямачнасць на сёння там ухілена. Гэта пацвярджаюць фотакадры, зробленыя дарожнікамі 11 ліпеня (фота 2). І яны адзначаюць, што будуць сачыць за сітуацыяй.

2


11 ліпеня працаўнікі ДРБУ-200 пачалі класці асфальтавае пакрыццё на пад’ездзе да фермы «Літва». Яго працягласць – адзін кіламетр. На вачах змяняецца і ўчастак дарогі Куршынавічы – Ганцавічы. Аўтааматары, якія раней цярпелі мноства нязручнасцяў на гэтым шляху, ужо зараз ацэньваюць якасць асфальту. Усяго на абслугоўванні ДРБУ-200 больш за чатыры сотні кіламетраў дарог і 169 кіламетраў вуліц сельскіх населеных пунктаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.