Лепшая абарона – прафілактыка. Пра птушыны грып і як яго пазбегнуць

Птушыны грып – вострая інфекцыйная вірусная хвароба птушак, што характарызуецца паражэннем органаў стрававання і дыхання. Чалавек можа заразіцца пры цесным кантакце з інфіцыраванай свойскай птушкай, пры ўжыванні мяса і яек без дастатковай тэрмічнай апрацоўкі.
Павышаная тэмпература цела, парушэнне каардынацыі рухаў, закіданне галавы, вярчальныя рухі ёю з патрэсваннем, скрыўленне шыі, адмова ад корму і вады, прыгнечаны стан, сінусіт, кан’юктывіт, памутненне рагавіцы і слепата, дыярэя, апуханне і пачарненне грэбеня ў курэй, ацёчнасць галавы – характэрныя клінічныя прыкметы грыпу ў птушак.
Лячэнне хворай птушкі не распрацавана і немэтазгодна. З-за небяспекі распаўсюджвання ўзбуджальніка яе знішчаюць.
Выконвайце наступныя меры прафілактыкі:

  • трымайце ў асабістых гаспадарках птушку на сваіх падвор’ях у закрытым рэжыме;
  • памяшканні, дзе знаходзіцца свойская птушка, рэгулярна чысціце і дэзынфіцыруйце;
  • інвентар па доглядзе і кармы захоўвайце ў закрытых памяшканнях;
  • не дапускайце кантакту свойскай птушкі з сінататропнай (вераб’і, вароны, галубы) і дзікай пералётнай;
  • кармы падвяргайце тэрмічнай апрацоўцы (прапарвайце, запарвайце);
  • у выпадку праяўлення захворвання ці раптоўнай гібелі птушкі не выкідвайце адходы яе жыццядзейнасці і перапрацоўкі на звалкі;
  • не купляйце сутачны маладняк, яйкі і мяса ў неўстаноўленых месцах;
  • не дапускайце перамяшчэння птушкі і птушкапрадукцыі без ведама дзяржаўнай ветэрынарнай службы;
  • не набывайце птушку ў месцах несанкцыянаванага гандлю, праз інтэрнэт-магазіны і не падбірайце мёртвую птушку;
  • пасля кантакту з птушкай, прадметамі яе догляду, прадукцыяй птушкагадоўлі мыйце рукі з мылам і прымайце душ;
  • яйкі і мяса перад ужываннем падвяргайце тэрмічнай апрацоўцы.
    У выпадку масавага захворвання
    або падзяжу птушкі інфармуйце спецыялістаў дзяржаўнай ветэрынарнай службы раёна па гарачай лініі, арганізаванай у Ляхавіцкай раённай ветэрынарнай станцыі
    па нумарах 2-13-49, 8029-722-38-01, 6-07-44 (Ляхавіцкая УВЛ) або сельвыканкамы. Калі знайшлі мёртвую дзікую і пералётную птушку, паведаміце ў РАНС, сельвыканкамы, па гарачай лініі ў Ляхавіцкую райветстанцыю па тэлефонах 2-13-40 або 8029-720-32-89.
    Павел ХЕВУК,
    галоўны ветэрынарны ўрач
    Ляхавіцкага раёна.