Гардэроб пад заказ у Ляхавічах

Ва ўсе часы жанчын вызначае жаданне прывабна выглядаць. Хочацца прыгожа, модна і не надта дорага апрануць не толькі сябе, але і ўсю сям’ю. А гэта, не сакрэт, зусім не проста. Тыя, хто апранаецца на рынку ці ў магазінах, рызыкуюць сустрэць ”двайнят” свайго ўбору. А для жанчыны гэта самая што ні ёсць трагедыя: сапсаваны настрой на доўгі час гарантаваны не толькі ёй, але і яе другой палавіне.

Яшчэ адна праблема – нестандартная фігура. Паглядзіш у глянцавыя часопісы – выключна стройныя і даўганогія… Але ў рэальным жыцці не кожная можа пахваліцца ідэальнымі прапорцыямі. І менавіта дзякуючы ўменню правільна падбіраць сабе адзенне, можна замаскіраваць нейкія недахопы фігуры і падкрэсліваць яе плюсы.

Адзін з самых аптымальных варыянтаў для модніцы — шыць гардэроб пад заказ.

Карэспандэнт “ЛВ” вырашыў высветліць, ці могуць ляхавічанкі пашыць арыгінальнае і моднае адзенне ў сябе ў райцэнтры. Ці, хаця б, “падагнаць” абноўку па сваёй фігуры.

Накіроўваюся ў РКБА, дакладней – у атэлье па пашыве і рамонце адзення. Працуе яно 5 дзён у тыдзень, уключаючы суботу. На пытанне пра магчымасць пашыву спадніцы адказваюць станоўча. Тут па жаданні кліента пашыюць не толькі сукенку ці жаночы касцюм, але і мужчынскі. Неабходна толькі запасціся цярпеннем і ў час прыходзіць на прымеркі. Тэрмін пашыву лёгкага адзення – каля 20 дзён, верхняга — 30. У залежнасці ад складанасці вырабу, кошт работы за пашыў сукенкі складзе ад 250000 рублёў і вышэй, спадніцы – ад 90000, штаноў – ад 170000, мужчынскі касцюм – не ніжэй за 350000. Плюс сюды яшчэ расходы на тканіну. Калі параўнаць з коштам гатовага адзення ў магазіне – выгада (на карысць пашыву) відавочная. Але сёння звяртаюцца з заказам на індывідуальны пашыў адзінкі. Мяркую, што кіраўніцтву камбіната варта прыняць меры да папулярызацыі паслуг. Канешне, якасць, модныя тэндэнцыі, кошт, хуткасць выканання заказаў павінны быць улічаны. Тым больш, што і закройшчыца Вера Вялічка, і швачкі Святлана Татарыновіч, Зоя Васільева, сумяшчальнік Галіна Чарнецкая вельмі вопытныя прафесіяналы.

– Паслуга індывідуальнага пашыву адзення зараз попытам не карыстаецца, – пацвярджае вядучы эканаміст КУП “Ляхавіцкі РКБА” Вера Кіршэўская. – Але без работы не сядзім.

– Шыем сцэнічныя касцюмы для ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці і спецадзенне па заказах арганізацый і сельгас-гаспадарак, рамантуем адзенне, – расказвае старшы майстар Зінаіда Кумейша. – Акрамя таго – пашыў пасцельнай бялізны, ручнікоў, сталовых камплектаў, коўдраў. У нас працуюць закройшчыца і 4 швачкі, адна з іх на 0,5 стаўкі – кадраў, канешне, не хапае.

Калі неабходна, закройшчыца сама робіць лякалы. А калісьці, заказ выконваўся пааперацыйна рознымі майстрамі. Гэта дазваляла не толькі якасна, але і хутка шыць адзенне. Зараз увесь працэс пашыву выконвае адна работніца. Гэта займае больш часу. А час, як вядома, – грошы. Пашыў складанага вырабу – справа працаёмкая. Даход швачкі ад кошту заказу складае ўсяго 27 працэнтаў. Не выключана, што калі жанчына знойдзе ў часопісе арыгінальную мадэль, заказ могуць не прыняць з-за складанасці ці з-за адсутнасці неабходнага абсталявання. Хаця, як падкрэслівае Зінаіда Мікалаеўна, да кожнага заказу падыходзяць індывідуальна. Нядаўна, напрыклад, шылі жаночую куртку вельмі вялікага памеру.

За год выканана індыві-дуальных заказаў па рамонце і пашыве адзення на 63 мільёны 700 тысяч рублёў, рабочага адзення – на 465 мільёнаў рублёў.

Што датычыць пашыву адзення, то, напэўна, праблема мясцовага атэлье не толькі ў недастатковым выбары тканіны і фурнітуры, недастатковай укамплектаванасці прафесійнымі кадрамі, але і ў адсутнасці рэкламы паслуг.

Наступны пункт – швейны цэх райпо, які кватаруе на рынку райцэнтра. Палюбіўся ён не толькі гараджанам, але і вяскоўцам за якасць і хуткасць вырашэння пэўных швейных праблем. Падагнаць па фігуры адзенне, адрэгуляваць даўжыню спадніцы ці штаноў, памяняць замок, рэстаўрыраваць – з такімі просьбамі звяртаюцца да швачак цэха штодня.

Заказы на індывідуальны пашыў адзення тут не прымаюць. Але, па словах інжынера-тэхнолага швейнага цэха Ніны Піліпчук, работы хапае. Выручка за дробны рамонт у месяц даходзіць да 6 мільёнаў. Акрамя гэтага, шыюць для прадпрыемстваў спецадзенне: рукавіцы, халаты, касцюмы, галаўныя ўборы. Пасцельная бялізна ў магазінах райпо – зноў жа іх работа. Безумоўна, такі цэх патрэбны. Але хочацца, каб запатрабаваныя паслугі прапаноўваліся ў прыстасаваным для гэтага памяшканні, куды прыемна зайсці, можна ў зручных умовах прымераць адзенне. Мяркую, і работніцы цэха не былі б супраць гэтага.

Наогул, пункты рамонту адзення – гэта не ноу-хау райцэнтра. Іх наяўнасцю ўжо нікога не здзівіш. Не так даўно давялося ў Бярозе наведаць гандлёвы цэнтр – спадабалася, што можна на месцы прышыць гузік, вешалку ці паставіць латку. Ляхавічанам, пра “хуткую дапамогу” сваім рэчам можна пакуль толькі марыць.

Сярод яўных нязручнасцяў – графік работы цэха. Працуе ён з панядзелка па пятніцу з 8 да 17 гадзін. Як правіла, усе дамашнія справы гаспадыні пакідаюць на выхадныя. А тут, выбачайце, – сумясціць пакупкі з наведваннем швейнага цэха не атрымаецца.

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што з 1 лютага цэх па рамонце адзення на рынку закрываецца з-за нерэнтабельнасці. Гэту інфармацыю пацвердзіў начальнік аддзела нарыхтовак Віктар Скіндзер. З эканамічнага пункту гле-джання, рашэнне кіраўніцтва райпо абгрунтаванае. Але іншая справа, што яно не ў інтарэсах людзей.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *