Лён раннежорсткай спеласці. У Ляхавіцкім раёне ўбіраюць лён


Віктар Верамей.
Бягучы год стаў для агранома жорсткім выпрабаваннем. Надзвычай вільготная пасяўная вясна, спачатку вельмі халодны, а пасля засушлівы май і першая палова чэрвеня пакінулі не самы лепшы адбітак на сельскагаспадарчых палетках.

У рознай ступені, але адбілася фактычна на ўсіх «культурных» культурах. Да недахопу ў палях вільгаці лён аказаўся асабліва слабым звяном. На высокіх палетках, палях-узгорках з пераважна супяшчаным саставам глебы факт «жорсткай» спеласці назіраецца найбольш уяўна. Лён, як належыць, не вырас – падняўся не высока, але прыйшоў у стан раннежоўтай спеласці.
– Так і павінна быць на гэту пару. Прыкладна да сярэдзіны лета лён пачаргова прыходзіць у фазу аптымальна ўборачнай ці раннежоўтай спеласці, – тлумачыць вядучы аграном ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Мікалай Герасімовіч.
З крыху больш як 2 300 гектарных плошчаў ільну пашкоджанымі аказалася прыкладна 500.
– Гэта пры тым, што на першым часе ўсходы былі выдатнымі – нагадвалі аднародны шчыльны зялёны дыван. Радавалі вока, давалі надзею на аптымістычны ўраджай, – працягвае Мікалай Антонавіч.
Як і ўсе папярэднія гады, ільнопалі завода размеркаваны ці па ўсёй тэрыторыі Ляхавіцкага раёна.
– У гэтым годзе найбольш удаліся, калі так можна сказаць, ільнаплошчы, якія размешчаны ў жарабковіцкай зоне. Там і бал урадлівасці, і больш цяжкая структура глебы. Калі браць у цэлым, то нядрэнных палявых участкаў ільну набярэцца гектараў 600.
З сартоў, а сёлета ў нас практыкуюцца «эдэн», «талер», «рубін» і «грант», найбольш выгадна сябе паказваюць два першыя. «Эдэн» з’яўляецца французскай распрацоўкай, а «талер» – наш, айчынны, – тлумачыць вядучы аграспецыяліст прадпрыемства.
У той дзень у работах былі задзейнічаны два розныя па колькасці звёны церабільных агрэгатаў. Чатыры машыны ў веерным парадку працавалі на адным полі, на палетку сумежным – дзве астатнія.
Тандэм ЦСЛ-2,4 пад кіраўніцтвам Аляксея Станіславовіча і Руслана Колесава вёў сваю партыю сінхронна-зладжана. За кожнай з церабілак на полі заставаліся ляжаць дзве стужкі толькі што вырванага льну.
У адрозненне ад большасці механізатараў-церабільшчыкаў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», Руслан Колесаў на гэтай аперацыі з’яўляецца «першагодкам». Некалькі папярэдніх гадоў працаваў на прасаванні льнотрасты, выконваў на трактары і іншыя палявыя работы, а вось за рулём церабілкі дэбютаваў сёлета. І, што неабходна адзначыць абавязкова, дэбют атрымаўся. І ў Руслана, і ў кожнага з яго калег, занятых на выкананні першай аперацыі на ўборцы льну. Будзе ачэсванне, прыйдзе чарга абарочвання і, магчыма, не аднаго, настане этап прасавання ўжо гатовай ільнотрасты ў рулоны.
Аднак усё пачынаецца з цераблення.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

