А якасць залежыць ад кожнага! Пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта з удзелам гаспадарчага актыву раёна прайшло ў Ляхавічах у мінулы чацвер

лепшыя: старшыня Крывошынскага сельскага Савета Сяргей Баргамон, старасты Анатолій Тураў, Валянціна Дыдышка і Мікалай Піліневіч
Выкананне мэтавых паказчыкаў, заданняў, планы і перспектывы, тэмпы росту і аб’ёмы зробленага – такога кшталту тэрмінамі напоўнілася пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта з удзелам гаспадарчага актыву раёна ў мінулы чацвер.
Тон падзеі – афіцыйны: з якімі вынікамі мы пачынаем 2024 год, на што скіруем увагу ў Год якасці, і што стане асноўным стрыжнем у рабоце прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны.
Пошук рэзерваў
Безумоўна, эканамічны складнік – аснова дабрабыту грамадзян. Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіцкага раёна, выкананне бюджэту за 2023 год і задачы на 2024-ы аналізаваў-агучваў намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Андрэй Навагран.
Ён адзначыў, што большасць прадпрыемстваў раёна па выніках года забяспечыла рост вытворчасці. Аднак для дасягнення мэтаў 2024 года неабходна ўзмацніць стабільнасць дзейнасці прадпрыемстваў і прапрацаваць кожнаму меры, якія будуць нівеліраваць уплыў розных негатыўных з’яў. Галоўная задача – пошук рэзерваў для нарошчвання вытворчасці. Нягледзячы на многія фактары, у тым ліку, санкцыйную палітыку супраць нашай дзяржавы, прадпрыемствы раёна шукаюць і знаходзяць новых спажыўцоў, тым самым пашыраюць геаграфію паставак. Напрыклад, Ляхавіцкі малочны завод ажыццявіў адгрузку казеіну ў Германію, а ў студзені 2024-га адбылася пробная адгрузка казеіну ў Кітай.
Застаецца негатыўная тэндэнцыя зніжэння колькасці занятага ў эканоміцы насельніцтва. На працу прымаюцца менш, чым звальняюцца. Узровень беспрацоўя склаў 0,1 працэнта.
Акцэнт на кантроль
Якім быў мінулы год для сельскагаспадарчай галіны раёна, праінфармаваў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
– І хоць год быў няпросты,ураджай па асноўных відах прадукцыі атрыманы нядрэнны. Чаго не скажаш пра льновалакно (ураджайнасць амаль на чвэрць меншая за 2022 год). Асноўная прычына недабору – больш за 30 працэнтаў пасяўных плошчаў ільну трапіла ў зону недастатковага выпадзення ападкаў у перыяд асноўнага росту культуры, – адзначыў Васілій Пыжык.
За тры гады бягучай пяцігодкі сумарна па раёне выканана заданне па тэмпе росту валавой прадукцыі.
Таксама Васілій Пыжык адзначыў, што для павелічэння вытворчасці, павышэння эфектыўнай дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый прыняты шэраг мер. Сярод іх і кадравыя рашэнні, павышаная ўвага і кантроль за ўтрыманнем жывёл, безумоўнае выкананне тэхналагічных патрабаванняў да вытворчасці прадукцыі. Патрабуецца яшчэ больш увагі пытанню падзяжу жывёл, для гэтага праведзены даследаванні розных лабараторый, па выніках праведзена карэкціроўка вакцынацыі і лячэння жывёл. Канешне, увага матэрыяльна-тэхнічнай базе: мінулы год адзначыўся будаўніцтвам новых і рэканструкцыямі малочнатаварных фермаў, пераабсталяваннем МТФ. І такая будаўнічая тэндэнцыя захаваецца на працягу Года якасці: запланавана будаўніцтва пяці аб’ектаў на розных МТФ раёна, узвядзенне пяці прафілакторыяў для маладняку БРЖ, працягнецца рэканструкцыя памяшканняў для вырошчвання і адкорму БРЖ і іншае.
У кантэксце жыллёвага пытання
Што ў сферы будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, далажыў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Аляксей Галяк.
У 2023 годзе ў эксплуатацыю ўведзена 4 700 квадратных метраў жылля, з якіх 1 418 – пабудавана з дзяржаўнай падтрымкай
для грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэнні
жыллёвых умоў. Сёння на жыллёвым уліку стаіць 731 чалавек.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз у кантэксце жыллёвага пытання адзначыў, што варта ўзмацніць работу па незаселеных арэндных памяшканнях. З 745 арэндных жылых памяшканняў
181 незаселена, 64 рэкамендаваны да зносу, а 112 патрабуюць рамонту. Сёння варта шукаць розныя падыходы да вырашэння гэтага пытання – памяшканні не павінны пуставаць, тым больш разбурацца.
У мінулым годзе былі праведзены работы па рэканструкцыі памятнага для кожнага ляхавічаніна месца – Кургана вечнай Славы. У Год якасці гэта работа працягнецца, упор на добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол абеліска на Кургане Славы.
Каля 8,4 кіламетра дарог раёна атрымалі асфальтавае пакрыццё, 8,8 кіламетра атрымалі выпраўленне профілю гравійнага пакрыцця з дабаўленнем новага матэрыялу.
Экзамен для кожнага
Вынікі і задачы сацыяльнай сферы на 2024-ы гучалі ў справаздачы намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Галіны Бацэнка.
– У Год якасці пытанні функцыянавання сацыяльнай сферы набываюць асаблівую вастрыню і актуальнасць, бо ў беларускай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі якасць разглядаецца, у першую чаргу, з пазіцыі якасці жыцця людзей, роўнага доступу да сацыяльнай абароны, медыцынскага абслугоўвання, адукацыі, спорту, культурных каштоўнасцяў, удзелу ў грамадскім жыцці краіны, – падкрэсліла Галіна Бацэнка.
Сёння захаванне здароўя чалавека – гэта адна з галоўных умоў павышэння якасці жыцця.
Даступнасць медыцыны застаецца важным патрабаваннем да гэтай галіны. Таму мінулы год стаў экзаменацыйным для медустаноў горада і раёна. На 14 ФАПах і 7 АУАПах адбыліся рамонтныя работы. Вырашана пытанне пра перанос Ганчароўскай амбулаторыі ў будынак Ганчароўскага сельвыканкама.
Год міру і стварэння для ляхавічан прайшоў у яркіх падзеях, адкрыццях, сустрэчах, святах.
Сёння зладжана паказалі работу адукацыя, сацыяльная абарона, культура, спорт. Турыстычны патэнцыял Ляхавіччыны высокі, аднак у 2023 годзе не ўдалося стабілізаваць сітуацыю па экспарце турыстычных паслуг, хаця колькасць турыстычных наведванняў раёна значна павялічылася. Таму, безумоўна, галоўная задача ў 2024-м – пошук новых спосабаў прыцягнення замежных турыстаў, развіццё турыстычнай галіны Ляхавіччыны. Задача – стварыць агульны кластар з бліжэйшымі рэгіёнамі.
Найважнейшая падзея, да якой павінен быць гатовы ўвесь беларускі народ, уключаючы органы ўлады, палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні – гэта электаральная кампанія 2024 года, якая стане пэўным экзаменам. У адзіны дзень галасавання – 25 лютага – будуць выбраны дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў. Склад Савета Рэспублікі вызначыцца 4 красавіка. І ўжо ў красавіку 2024 года адбудзецца Усебеларускі народны сход у новым канстытуцыйным статусе.
Ганаровыя званні і пасведчанні
Святочнасці пасяджэнню гаспадарчага актыву надае ўрачыстае ўшанаванне «Чалавек года» Ляхавіччыны. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз па дзесяці намінацыях узнагародзіў ляхавічан, якія за мінулы год прадэманстравалі высокія дасягненні ў працы, унеслі вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч уручыў пасведчанні кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, землякам, якія сёлета ўпрыгожылі сваімі дасягненнямі Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.
Па выніках конкурсу сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Ляхавіцкага раёна па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва пераможцам прызнаны Крывошынскі сельскі Савет дэпутатаў (выконваючы абавязкі старшыні Сяргей Баргамон). Першае месца сярод старастаў прысуджана старасце Ганчароў Анатолію Тураву, другое – у старасты Заліпення Валянціны Дыдышка, трэцяе месца заняў стараста Вялікай Лотвы Мікалай Піліневіч.
Па традыцыі героі сельскагаспадарчых спраў атрымалі пераходныя Ганаровыя сцягі Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта. За дасягненне найвышэйшых паказчыкаў па вытворчасці збожжа, бульбы, а таксама па рэалізацыі мяса ў 2023 годзе сцягі ўручаны СВК «Ляхавіцкі». За дасягненне найвышэйшых паказчыкаў па вытворчасці цукровых буракоў – СУП «Ліпнянка», па вытворчасці рапсу – ААТ «Шлях новы», па рэалізацыі малака – ЗАТ «Белпрампрыбор».




















