«Па-ляхавіцку» – на выдатна! Расійскія спажыўцы высока ацанілі прадукцыю Ляхавіцкага кансервавага завода

Прадукцыя Ляхавіцкага кансервавага завода зусім нядаўна ўпрыгожвала першую старонку «ЛВ» – наш бярозавік упершыню адправіўся ў Кітай. І вось зноў важкая нагода для галоўнага фота нумара!
На гэтым тыдні назва нашага прадпрыемства і яго прадукцыі гучала ў Маскве падчас цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі» па выніках 2024 года.
Дыпломам лаўрэата конкурсу адзначана шчаўе кансерваванае «Па-ляхавіцку» стэрылізаванае. Прадукцыя натуральная, запатрабаваная і, можна сказаць, эксклюзіўная для беларускіх кансервавых заводаў.
Для яе вырабу выкарыстоўваецца сыравіна, вырашчаная завадчанамі на ўласных палетках. А спажыўцы – і беларускія, і расійскія – з задавальненнем выкарыстоўваюць ляхавіцкае шчаўе ў якасці асновы, напрыклад, для халадніку.