На родныя тавары. Год якасці «Беларусбанк» пачаў з новай прапановы для спажыўцоў, якая адразу стала запатрабаванай

Год якасці «Беларусбанк» пачаў з новай прапановы
для спажыўцоў, якая адразу стала запатрабаванай

– З 4 студзеня гэтага года Беларусбанк запусціў новы крэдыт на спажывецкія патрэбы «На родныя тавары». Яго фішка ў тым, што грошы можна патраціць выключна на тавары беларускіх вытворцаў. Такая прапанова – падтрымка ініцыятывы Урада Беларусі па стымуляванні рознічнага гандлю таварамі айчынных вытворцаў, што будзе мець станоўчы ўплыў не толькі на развіццё прадпрыемстваў, але і дапаможа грамадзянам у розных рэгіёнах краіны палепшыць якасць свайго жыцця і быту. Тым больш, што 2024-ы аб’яўлены Годам якасці, а якасць – сінонім тавараў беларускіх брэндаў, – адзначае дырэктар ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк» Рыта Пракуда.


Як расказалі ў цэнтры банкаўскіх паслуг № 117, такі крэдыт выдаецца на тры гады пад фіксаваную на ўвесь тэрмін крэдытавання стаўку – чатыры працэнты гадавых для набыцця тавараў беларускіх вытворцаў: мэбля, тэлевізары, халадзільнікі і маразільнікі, пральныя, кухонныя, пасудамыйныя машыны, мікрахвалёвыя печы, керамічная плітка і санітарна-тэхнічнае абсталяванне, веласіпеды, мапеды, матацыклы, мотаблокі, міні-трактары. Прычым, узяць у крэдыт можна адразу некалькі тавараў.


– Максімальная сума крэдыту залежыць ад плацежаздольнасці заяўніка, але не можа перавышаць 300 базавых велічынь (па стане на
1 лютага – 12 тысяч рублёў). Важны нюанс – непасрэдна на рукі грошы не выдаюць, сродкі па крэдыце пералічваюцца на рахункі прадаўцоў айчынных тавараў на падставе дакументаў на аплату тавараў. Падаць заяўку на крэдытаванне можна ў любой установе Беларусбанка, інтэрнэт-банкінгу, М-банкінгу ці на сайце банка. Аднак для заключэння дагавора неабходна усё роўна звярнуцца ў аддзяленне Беларусбанка. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у кантакт-цэнтры па тэлефоне 147. Жыхары Ляхавіцкага раёна могуць звярнуцца ў ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк», – удакладняе Рыта Пракуда.
Яшчэ некалькі цікавых фактаў. Спецыялісты ЦБП № 117 патлумачылі, што выкарыстоўваць усю суму можна не адразу – лінія адкрыта. За карыстанне крэдытам у памеры 12 тысяч рублёў трэба будзе
штомесячна плаціць без малога 383 рублі, з якіх 40 рублёў – працэнты.
Пераплата за тры гады складзе 720 рублёў.
Наколькі крэдытная банкаўская прапанова прыйшлася даспадобы жыхарам Ляхавіччыны, і ці існуе попыт на крэдыт пад чатыры працэнты гадавых?
– Так, жыхары нашага раёна таксама з задавальненнем выбіраюць ільготнае крэдытаванне. І гэта прапанова набірае ўсё большую папулярнасць. З пачатку 2024 года заключыць крэдытныя дагаворы паспелі 19 чалавек, трэць з якіх пенсійнага ўзросту, на агульную суму звыш 118 130 рублёў. Часцей за ўсё ў крэдыт набываецца наступная прадукцыя: халадзільнікі і маразільнікі ЗАТ «Атлант», мэбля «Пінскдрэў» і Гомельскай мэблевай фабрыкі, таксама карыстаецца папулярнасцю тэхніка ТАА «МотаВелаЗавод», ААТ «МТЗ». Набываюць землякі тавары па крэдытнай лініі ў магазінах райпо (веласіпеды, халадзільнікі), таксама ў прыватных крамах. Пакуль больш актыўныя гараджане.
Адзначу, што папулярнасць чатырохпрацэнтнага крэдыту «На родныя тавары» ідзе па ўзрастаючай, людзі адзін ад аднаго даведваюцца пра такі від банкаўскай паслугі і імкнуцца ім скарыстацца. Прапанова і сапраўды выгадная, адназначна, лепшых умоў вы не знойдзеце ні ў якім іншым банку. А якасць беларускіх тавараў і сапраўды высокая. Айчынныя брэнды па сваіх характарыстыках не саступаюць замежным вытворцам і запатрабаваныя ў насельніцтва, – гаворыць дырэктар ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк» Рыта Пракуда.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.