Спатканне праз 40 гадоў. На сустрэчу са сваімі аднагрупнікамі ў Ляхавіцкі аграрны каледж прыбывалі выпускнікі 1981 года

У адзін з чэрвеньскіх дзён да Ляхавіцкага аграрнага каледжа раз-пораз пад’язджалі аўто, накіроўваліся святочна прыбраныя пары, чуліся гучныя прывітанні: «Света… Паша… Вера… Гэта ты?». На сустрэчу са сваімі аднагрупнікамі прыбывалі выпускнікі 1981 года. Кагосьці пазнавалі адразу, а хтосьці трохі і змяніўся – усё ж такі мінулі чатыры дзесяцігоддзі, як яны, дыпламаваныя спецыялісты заатэхнічнага аддзялення, адправіліся на першыя працоўныя месцы.

– Група наша была дружная. 30 чалавек – 8 юнакоў і 22 дзяўчыны – добрыя і жыццярадасныя, – расказвае адзін з тых, хто ў сакавіку 1981 года атрымаў дыплом заатэхніка Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума жыхар Альхоўцаў Павел Курловіч. – У тэхнікуме давалі вельмі добрую падрыхтоўку. Мы прыйшлі ў сельгаспрадпрыемствы з пэўным багажом ведаў і ўменняў. Мяне, напрыклад, адразу паставілі загадчыкам Альхоўскай фермы. Ды і іншыя мае аднагрупнікі не згубіліся – знайшлі ў жыцці сваё прызванне, – працягвае аповяд Павел Канстанцінавіч.
Гэта ён патэлефанаваў у газету і падзяліўся навіной, што збіраецца на спатканне з маладосцю. Колькі радасці было ўбачыць адзін аднаго! Змаглі прыехаць не ўсе – палова групы. Жыццё раскідала выпускнікоў навучальнай установы па ўсёй Беларусі. Напрыклад, Вера Пруднікава жыве ў Гомельскай вобласці, а ініцыятар сустрэчы Святлана Кожух – у Бярозаўскім раёне. Гэта яна знайшла кантакты і ўсіх абзваніла, арганізавала збор у Ляхавічах, які пасля змяніў дыслакацыю на Альхоўцы –  у дом сям’і Паўла і Таццяны Курловічаў. Дарэчы, жонка Паўла Канстанцінавіча Таццяна Барысаўна – таксама выпускніца тэхнікума. Толькі закончыла ветаддзяленне на тры гады пазней.
Успаміны і настальгія накрылі ў той дзень усіх гасцей, як кажуць, з галавой. Як аказалася, некаторыя змянілі спецыяльнасць, але не здрадзілі вёсцы – засталіся працаваць у сельскай гаспадарцы. Хтосьці перакваліфікаваўся ў галоўнага бухгалтара, у выкладчыка сярэдняй спецыяльнай установы, кіруе сельгаспрадпрыемствам. Так, Надзея Кукса ўзначальвае заатэхнічнае аддзяленне ў Смалявіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, Тамара Варашкевіч – старшыня сельгаспрадпрыемства ў Ганцавіцкім раёне, а Аляксандр Каражан заснаваў фермерскую гаспадарку.
Не пералічыць колькасці гісторый, расказаў пра жыццё-быццё, уласныя дасягненні і дзяцей-унукаў. На асобным месцы – успаміны пра бульбяныя палеткі. Імі ў саўгасе-тэхнікуме быў напоўнены кожны верасень на працягу чатырох гадоў вучобы. За перыяд сельгасработ навучыліся працаваць калектыўна, дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго, здружыліся моцна.
Канешне, у дзень сустрэчы з павагай і ўдзячнасцю выпускнікі гаварылі пра сваіх выкладчыкаў. Многія пайшлі з жыцця, а памяць пра іх жыве. Дырэктар саўгаса-тэхнікума Мяфодзій Пабягайла, класны кіраўнік Вячаслаў Цярэшка, выкладчык кормавытворчасці Уладзімір Гапеенка, выкладчык заатэхнічных дысцыплін Цэцылія Траццяк, выкладчык анатоміі Пётр Бельмач і многія-многія іншыя назаўсёды ў сэрцах сваіх навучэнцаў.
… Сустрэцца праз 40 гадоў – гучыць нерэальна. Толькі не для тых, хто ўдзячны сваёй альма-матар і шчыра рады бачыць сяброў-аднагрупнікаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.