Капітальны падарунак. Навучэнцаў СШ № 1 г. Ляхавічы чакае цудоўны падарунак

На Ляхавіччыне ўстановы адукацыі актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года: фарбуюць, клеяць, рамантуюць і г. д. Навучэнцаў СШ № 1 чакае цудоўны падарунак – адрамантаваны харчаблок 

– Работы па капітальным рамонце харчаблока пачаліся ў чэрвені, і на сёння можна гаварыць, што зроблена 80 працэнтаў ад запланаванага згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, – адзначае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.


Заменена падлогавае пакрыццё, плітка ўпрыгожвае і сцены харчаблока. Устаноўлены новыя аконныя блокі, дзверы. Праводка, каналізацыя і вентыляцыйна-выцяжная сістэма – усё новае.
Зараз ідзе закупка тэхналагічнага абсталявання. У распараджэнні повараў будуць электрапатэльня, бульбачыстка, хлебарэзка, мясарубка, машына для перапрацоўкі агародніны, кацёл харчаварачны, пасудамыйная машына, сучасная пліта. Замест смажальнай шафы з’явіцца параканвектамат – каб стравы
гатаваліся на пары, а ежа стала яшчэ больш здаровай і карыснай.
Для захоўвання прадуктаў прадугледжана новае халадзільнае абсталяванне, будуць і электравагі і г. д. Для падтрымання ў падагрэтым стане гатовых страў запланавана ўстаноўка лініі раздачы з мармітамі. Гэта значыць, што пакуль повары раздаюць порцыі, ежа
не астыне.
Такім чынам, харчаблок з усімі вытворчымі памяшканнямі і абедзенная зала набудуць функцыянальнасць, тэхналагічнасць і зручнасць. У новым навучальным годзе навінку ацэняць
каля шасці сотняў хлопчыкаў і дзяўчынак СШ № 1.
На капітальны рамонт харчаблока і яго ўкамплектаванне з раённага бюджэту выдаткавана больш за 660 тысяч рублёў.
Адносна арганізацыі харчавання. У 2023/2024 навучальным годзе
ў СШ № 1, СШ № 2, гімназіі, Малагара-дзішчанскай, Востраўскай, Навасёлкаўскай, Жарабковіцкай СШ будзе рэалізоўвацца рэспубліканскі пілотны праект па арганізацыі харчавання школьнікаў «Новае меню», ініцыяваны Міністэрствам адукацыі. Адбудзецца, так сказаць, перазагрузка школьных страў, якія папоўняцца тарталеткамі, пельменямі, курынымі нагетсамі, ватрушкамі, бургерамі і г. д. Прычым пры ўвядзенні новага меню вывучаны смакавыя густы рабят і выкананы патрабаванні збалансаванага харчавання.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА