Залічаны маладымі спецыялістамі. Ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны кадравае папаўненне

Зноў жнівень адкрывае кадравы залік. Якое ж чаканае папаўненне – гэта пра маладых спецыялістаў ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны. Ці закрыюцца ўсе вакансіі сярод як урачоў, так і сярэдняга медыцынскага персаналу? Што прапануецца нядаўнім выпускнікам вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, каб яны замацаваліся на першым працоўным месцы і засталіся тут працаваць. Адказы на гэтыя пытанні ў размове з галоўным урачом УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгіем Хлябовічам.

Георгій Яўгеньевіч, планавалася, што ў жніўні на першае месца працы прыйдуць 10 урачоў і 16 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу. Наколькі планы супалі з рэальнасцю?
– Штогод асабіста выязджаю на размеркаванне як у ВНУ, так і ССНУ. Лічу важным, пагаварыць перад размеркаваннем з кожным патэнцыяльным медработнікам, які можа прыехаць на сваё першае працоўнае месца ў Ляхавіцкую райбальніцу. З пэўнай карэкціроўкай нашы сёлетнія чаканні апраўдаліся. З першага жніўня да работы ў розных гарадскіх і сельскіх пад-раздзяленняхпрыступілі 11 урачоў і 17 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага звяна. Урачы – выпускнікі Гомельскага, Гродзенскага, Віцебскага медуніверсітэтаў. Памочнікі ўрача, медсёстры, фельчары атрымалі дыпломы Брэсцкага, Слонімскага, Слуцкага і Пінскага медыцынскіх каледжаў.
Па якіх медадрасах у нашым раёне адправіліся маладыя спецыялісты?
– Пачнём з прыемнай навіны для нашых зямлячак. У жаночай кансультацыі прыём будуць весці два акушэр-гінеколагі. Сярод навабранцаў у белых халатах – сем урачоў агульнай практыкі. Размеркаваны яны ў Падлескую, Ліпскую, Начаўскую, Ганчароўскую амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, паліклініку. Плюс – два хірургі. Што тычыцца сярэдняга медыцынскага персаналу, то гэта дзевяць медыцынскіх сясцёр, якія робяць першыя прафесійныя крокі ў паліклініцы, аддзяленнях стацыянара бальніцы, Ліпскай АУАП, пяць памочнікаў урача – у Ганчароўскай, Навасёлкаўскай, Крывошынскай АУАП, Галаўнінскім і Альхоўскім ФАПах, два фельчары выязных брыгад – у аддзяленні хуткай дапамогі, фельчар-лабарант у клініка-дыягнастычнай лабараторыі.
Давайце спынімся на бонусах для маладога кадравага папаўнення.
– У першую чаргу імкнёмся вырашыць жыллёвае пытанне. Адзначу, што на Ляхавіччыне раённая ўлада прыкладае істотныя намаганні, каб маладыя медыкі забяспечваліся квадратнымі метрамі. Ды і кіраўніцтва Ляхавіцкай ЦРБ змястоўна папрацавала па гэтым пытанні. Райбальніца на сваім балансе мае інтэрнат, у якім жывуць маладыя спецыялісты. І сёлетняе кадравае папаўненне на сабе адчула, што пра ўмовы іх пражывання клапоцяцца. Сямейная пара ўрачоў (урач агульнай практыкі ў паліклініцы Улада Цалевіч і загадчык Ліпскай АУАП Антон Цалевіч) атрымала арэндную кватэру ў Ляхавічах. Спадзяёмся, што і астатнія ўрачы з новага папаўнення ў бліжэйшы час атрымаюць арэндныя квадратныя метры. Стараемся, каб па магчымасці арэнднае жыллё выдзялялася медсёстрам, фельчарам, памочнікам урача. Маладыя спецыялісты сярэдняга медыцынскага персаналу пры жаданні атрымліваюць пакоі ў нашым інтэрнаце. Калі па дагаворы арэнды здымаецца жыллё, згодна з калектыўным дагаворам штомесячна такім кватэраздымшчыкам на працягу ўсяго тэрміна іх адпрацоўкі выплачваецца па дзве базавыя велічыні.
Яшчэ адзін накірунак дзяржаўнага клопату – ільготнае крэдытаванне маладых спецыялістаў на набыццё тавараў паўсядзённага попыту, мэблі, бытавой тэхнікі. Летась такім крэдытам ад Беларусбанка скарысталіся чацвёра нашых маладых калег, сёлета – ужо тры.
Згодна з калектыўным дагаворам УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» прадугледжана аднаразовая матэрыяльная дапамога ў памеры пяці БВ для першаснага бытавога ўладкавання. У абавязковым парадку кожны размеркаваны на першае працоўнае месца атрымлівае ўсе выплаты як малады спецыяліст згодна з заканадаўствам.
Лічу неабходным існаванне настаўніцтва. Так, маладыя спецыялісты атрымліваюць трывалы багаж ведаў, замацоўваюць яго падчас праходжання інтэрнатуры. Але важна і пераймаць вопыт у сваіх старэйшых калег. Таму з году ў год мы замацоўваем за кадрамі-навічкамі вопытных урачоў і прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу. Гэта выдатная школа ўдасканалення ў прафесійным майстэрстве.

Знаёмства з навічкамі


Канешне, землякам цікава даведацца, хто яны – будучыя профі ў белых халатах, якія ў жніўні размеркаваліся на Ляхавіччыну. Ёсць сярод кадравага прыходу-2023 і землякі. Юлія Лойка– памочнік урача Ганчароўскай АУАП. Дарэчы, дзяўчына вучылася па мэтавым накіраванні ад Ляхавіцкай ЦРБ. Ляхавічанка Дар’я Бабок – медыцынская сястра неўралагічнага аддзялення. Вераніка Талаш – медсястра хірургічнага кабінета паліклінікі. У палку сярэдніх меды-
цынскіх работнікаў і два прадстаўнікі моцнай паловы – фельчар Альхоўскага ФАПа Вячаслаў Каладзеюк, медбрат інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Уладзіслаў Калушанкоў.

Плюс тры

Такога не было даўно. Гэта пра сёлетняе кадравае ўрачэбнае папаўненне ў абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын».
– Лічу, што нашай бальніцы вельмі пашанцавала. З 1 жніўня да работы прыступілі тры нядаўнія выпускнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Яна Дзедуль – урач-псіхіятр, яна, дарэчы, у БАПБ праходзіла інтэрнатуру. У Ляхавіцкай ЦРБ урачом-рэаніматолагам працуе яе муж. Міхаіл Кандрыца – псіхатэрапеўт, а яго жонка – Ірына Кандрыца урач-псіхіятар, – расказвае галоўны ўрач БАПБ «Крывошын» Вольга Монак.
У сувязі з тым, што гэта ўстанова аховы здароўя не мае ўласнага жыллёвага фонду, маладыя спецыялісты здымаюць жыллё, частка расходаў згодна з калектыўным дагаворам выплачваецца непасрэдна аблбальніцай.
Вольга Монак адзначыла, што такім чынам кадравае ўрачэбнае пытанне з прыходам маладых спецыялістаў вырашана. А вось сярэдняга медыцынскага персаналу па-ранейшаму не хапае. Галоўнае, што спыняе моладзь для прыезду на першае працоўнае месца ў сельскай мясцовасці – адсутнасць жылля з усімі выгодамі.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.